Ігар Кастроў: “У Мазыры здзівіўся ледзь не кожнаму чалавеку”

Катэгорыя: 

Пакуль усе рыхтуюцца да святаў і адначасова чакаюць рашэнняў АБФФ па новым сезоне, мы ўспамінаем тых, хто зрабіў сезон 2013 для «Славіі» весялейшым. Ігар Кастроў не раз прызнаваўся лепшым гульцам у матчах «Славіі» і на самай справе быў яркай плямай ў гульні палескай дружыны. Таксама ён апынуўся выдатным суразмоўцам з даволі цікавай кар'ерай.

 

 

 

Амфетамін, набярэжная, інтрыганка

 

- Ты ж наогул першы раз апынуўся ў нашай краіне, што больш за ўсё здзівіла па перасячэнні мяжы?

- Галоўнае - гэта дарогі. У нас у Малдове яны вельмі кепскія, у Беларусі нашмат лепш, чым у нас. У нас па некаторых дарогах наогул нельга кудысьці праехаць. А так прыкладна тое ж самае. Проста гэта ад горада магчыма залежыць, бо мы ў Мазыры жывем. Вось былі ў Брэсце, прагуляліся па горадзе - мне вельмі спадабалася. А так у Мазыры акрамя двух крам і двух аптэк нічога і няма. Можна толькі па набярэжнай прайсці прагуляцца.

 

- Жыцця мала?

- Ну так, амаль заўсёды дома сядзім. Таму што, калі так разабрацца, рабіць няма чаго.

 

- Раз дома сядзіш, то напэўна фільмы глядзіш. Чаму з кіно аддаеш перавагу?

- Ды рознаму. Прыгодніцкія фільмы вельмі падабаюцца. Люблю кіно з сэнсам, а не проста так. Вось зараз серыял гляджу. «Ва ўсе цяжкія» завецца. Захапляльны сюжэт. Чалавек быў настаўнікам і пачаў варыць амфетамін. Цікава вельмі.

 

- Ну так, вельмі інтрыгуюча! :)

- Там проста ў галоўнага героя рак. І ад гэтага ён ...

 

- Пачаў варыць фен!

- Так-так. Ну, каб пакінуць грошы сваёй сям'і. Увогуле, там цікавае кіно - столькі усялякіх прыгод.

 

- Чытаць любіш?

- Часам магу што-небудзь пачытаць. Але таксама па прыгодніцкай, дэтэктыўнай тэматыцы. Каб быў захапляльны сюжэт. Зараз вось чытаю «Інтрыганку» Сідні Шэлдан.

 

- Нявесце тваёй таксама ў Мазыры сумна?

- У прынцыпе, так. Вось цяпер яна паехала да сваёй сястры ў госці: яна прыехала з Масквы ў Мінск, дык яны вырашылі сустрэцца, пагуляць. Хоць прыедзе і раскажа мне пра Мінск, а то я там так і не быў да гэтага часу. Перад гульнёй з Мінскам я ж паламаўся, таму прапусціў гэты выезд.

 

- Амаль усе прыезжыя яшчэ дзівяцца нашай чысціні на вуліцах.

- Гэта дакладна! Усюды усё чысценька, лісце прыбранае. Так што гэта на самой справе праўда. Ну, баяцца прэзідэнта, вось і прыбіраюць заўсёды :) У вас наогул парадак усюды: у крамах чэкі выдаюць, у маршрутках. Так што наконт гэтага ён нават малайчына.

 

- Добра, у плане футбола вялікая розніца паміж нашымі краінамі?

- Калі шчыра, мне здавалася, што ў Беларусі чэмпіянат нашмат мацней нашага. Аднак пакуль не магу сказаць, што розніца ва ўзроўні ўжо такая вялікая. Ды і ў Малдове гуляюць больш тэхнічна, чым тут, у вас больш барацьбы.

 

Халаднік, дзіч, 155 даляраў

 

- Беларуская кухня моцна адрозніваецца ад прыднястроўскай?

- Ды мы ў прынцыпе там тое ж самае ямо: тая ж бульба, вермішэль, супы там усякія. Вось малдаўская кухня - гэта так, там і мамалыга, і іншыя нацыянальныя стравы. Хаця ... Вось у вас тут ёсць акрошка?

 

- Ды здаецца ёсць.

- Дзіўна, а то вось мы калісь елі халодны боршч. О, халаднік! Спачатку мне, шчыра кажучы, ён не спадабаўся. Але наогул цікава. У нас такога не робяць.

 

- Наогул беларусы моцна адрозніваюцца ад малдаван?

- Не ведаю, як у іншых гарадах, але ў Мазыры здзівіўся ледзь не кожнаму чалавеку. Вось калі кватэру шукаў, сутыкнуўся з цікавымі сітуацыямі. Людзі за пяць-дзесяць даляраў могуць цябе кінуць у дзве секунды. Для мяне гэта загадка. Ты з чалавекам дамовіўся, умоўна, на 150 даляраў у месяц. Ён дамовіцца з іншым за 155 і кіне цябе без усялякіх праблем. Ды і нервовыя людзі некаторыя. Вось у краме, напрыклад, ты нармальна, ветліва размаўляеш, а ён табе напхае ўвогуле ні за што. Тваю дабрыню ўспрымаюць, як слабасць. Не ведаю, можа, трэба па-іншаму размаўляць, а то шмат падобных выпадкаў было ў апошні час. Не перастаю здзіўляцца. Хоць і добрых людзей хапае. Вось адзін чалавек здаў нам кватэру: цалкам нармальная дзяўчына. У прынцыпе, у сям'і не без вырадка: у нас там таксама ёсць усялякія людзі, але ўсё роўна неяк па-іншаму яны адзін да аднаго ставяцца.

 

- У тваёй дзяўчыны такія ж ўражанні?

- Увогуле, так. Мы ж разам кватэру шукалі, так яна ўвогуле ў шоку была ад некаторых людзей. Але яна ў мяне такая - калі да яе нядобра ставяцца, то і яна адразу пхае :) Я нават не ведаю, як яна стрымліваецца ў некаторых выпадках. Можа, гэта ад горада, што людзям проста больш няма куды выйсці.

 

- Ну а ў «Намбер» ж ты хадзіў?

- Куды?

 

- У клуб «Number one».

- Гэта той, які на плошчы? Ну так, хадзіў :)

 

- І як? У вас клубы лепш?

- Ды не, у нас таксама такія ёсць «далбадыжкі» :) Там такія “красаўцы”, канешне! Дзяўчыны таксама: ўпіваюцца, рыгаюць, увогуле дзіч. Усюды ёсць такое, і ў нас таксама.

 

 

Рускі, бычкі, загран

 

- Як увогуле жывецца ў Прыднястроўі? Мяжа з Малдовай сапраўдная?

- Так, вядома. Бо вайна была ў 92 годзе. І малдаване ставяцца да прыднястроўцаў не вельмі добра. І наадварот. На мяжы так вельмі сур'ёзна правяраюць. Прыднястроўскія даішнікі амаль заўсёды спыняюць машыны на малдаўскіх нумарах. Гэтак жа паступаюць і іх малдаўскія калегі.

 

- Гэтая непрыязнасць толькі на ўрадавым узроўні, ці ж людзі таксама адзін аднаго не любяць?

- Людзі розныя ёсць. Ёсць і малдаване, якія ненавідзяць прыднястроўцаў, якія гатовыя ледзь не пазабіваць за Радзіму. Хоць з іншага боку, што ім дрэннага менавіта прыднястроўцы зрабілі?

 

- Ну, а ты сябе кім больш адчуваеш?

- Калі шчыра, рускім. Я па-малдаўску усяго-та два словы ведаю, і ўсё. Ды і народ там трохі іншы. Такія бычкі :) Асабліва выхадцы з вёсак, паводзяць сябе так задзірліва.

 

- А як уплывае такі падзел краіны на чэмпіянат?

- Прыднястроўскія каманды спакойна гуляюць у чэмпіянаце Малдовы, ніякіх праблем. Тым больш, што «Шэрыф» дамагаецца сур'ёзных вынікаў, мае выдатную базу, Ціраспаль гуляе на ўзроўні. Зараз вось «Дынама-Аўта» выйшла ў вышэйшую лігу.

 

- У цябе асабіста не было ніякіх праблем з выездам у Беларусь на працу?

- Дык у мяне два пашпарты: малдаўскі і расійскі, таму мой агент паведаміў мне, што я не з'яўляюся легіянерам ў вашай краіне. Проста калі ты жывеш у Прыднястроўі, то на падставе прыднястроўскага пашпарта (хоць ён і нікім не прызнаецца) можаш спакойна атрымаць расейскі загран і стаць грамадзянінам Расіі. Я так і зрабіў. Ну а тут з расійскім пашпартам ніякіх праблем няма.

 

 

Ізраіль, МЛС, ФНЛ

 

- Памятаеш, як пачаў займацца футболам?

- Шчыра, ужо не вельмі. Здаецца, сам у гадоў восем прыйшоў. Так і празаймаўся да пачатку прафесійнай кар'еры. Пачалася яна ў мяне ў 16 гадоў: падпісаў кантракт з мясцовым «Дынама» Бяндэры. На наступны сезон мы выйшлі ў вышэйшую лігу, і ў 17 гадоў я ўжо стаў выходзіць на замену. У 18 гадоў пачаў гуляць ужо ў аснове, а ў 20 гадоў трапіў у моладзевую зборную.

 

- Бадзёры пачатак кар'еры.

- Так. За моладзевую зборную выдатна адыграў матч супраць ізраільскіх аднагодкаў, мы выйгралі 1:0, я даў галявую. Потым мы гулялі з Ізраілем на выездзе. Там я таксама сябе добра праявіў. У мяне ўжо ў той час быў агент, які шукаў розныя варыянты майго працаўладкавання, але «Дынама» хацела за мяне занадта вялікія грошы - сто тысяч еўра. З улікам таго, што на той момант мне плацілі каля пяцідзесяці даляраў, то можна ўявіць, як клуб хацеў зарабіць.

 

- І ўсё ж такі цябе адпусцілі?

- Справа ў тым, што трэнер нашай маладзёжкі пераехаў у Ізраіль трэніраваць «Хапаэль» (Беэр-Шэва). Перад клубам ставілася задача выхаду ў вышэйшую лігу. Вось ён мяне і запрасіў. Хаця на той момант я ўжо павінен быў падпісваць кантракт з «Анжы», які тады гуляў у першай лізе. Але мне патэлефанаваў агент і сказаў, што ў Ізраілі гатовыя адразу ж падпісаць кантракт нават без прагляду. Тым больш, што там давалі прыстойныя пад’ёмныя, кватэру. У выніку прыйшлося ўсё ж такі прайсці невялікі прагляд, мы там згулялі адзін матч, 2:1 выйгралі, я два забіў. Карацей, падпісаў кантракт.

 

- Як гулялася ў «Хапаэлі»?

- Год адыгралі, выйшлі ў вышэйшую лігу. А потым прыйшоў іншы трэнер, які вырашыў абнавіць склад. Але мяне ў той час ужо хацеў узяць арэнду «Макабі» з Герцлія, таксама з першай лігі. Там паўгады адыграў, але пасварыўся з кіраўніцтвам клуба, давялося скасаваць кантракт.

 

- А потым пачалося самае цікавае?

- Тэлефануе агент і кажа, што ёсць варыянт у ЗША. Там увогуле цікава атрымалася. У «Канзас Сіці Візардс» другім трэнерам стаў чалавек, які да гэтага трэніраваў каманду ў Малдавіі. А я супраць іх пару разоў гуляў, прычым даволі нядрэнна. Мяне запомнілі. Лячу ў Амерыку. Месяц на праглядзе. Там, вядома, узровень гульцоў проста вар’яцкі: адзін з «Арсенала» прыехаў, другі з «Чэлсі», трэці з ПСЖ. Але мяне ўсё-такі ўзялі ў арэнду (я яшчэ належаў “Хапаэлю”).

 

- Хутка асвоіўся?

- Ведаеш, там і хуткасці вельмі высокія, і тэхніка на ўзроўні. Ды і наогул уся сістэма футбола іншая. Гэта значыць няма прэзідэнтаў клубаў, як у нас. Сама ліга займаецца размеркаваннем фінансаў, забеспячэннем клубаў экіпіроўкай і таму падобнымі пытаннямі. Клубы толькі займаюцца падборам гульцоў. Далі ім, да прыкладу, 10 мільёнаў на год, і яны ўжо думаюць, як іх правільна размеркаваць, якіх гульцоў ўзяць. Гэта значыць, што ўсе, можна сказаць, у роўных умовах.

 

- А як умовы для гульцоў?

- Я такога ніколі ў жыцці не бачыў. Нават калі ты прыходзіш на прагляд, табе выдаюць ўсю экіпіроўку: буцы, форму, касцюм, красоўкі. Пры гэтым, ніхто гэта ў цябе потым не забірае, ты гэта ўсё пакідаеш сабе. Для мяне гэта быў шок.

 

- Пасля такога складана было вяртацца да малдаўскіх рэалій?

- Разумееш, мне прапаноўвалі ў Канзасе кантракт на тры гады, але сума была занадта маленькая, я б толкам нічога не зарабіў. А на большае яны не згаджаліся. Тут тэлефануе агент, кажа, знайшоў варыянт у Расіі ў першай лізе, там значна большыя грошы. Тым больш, што ў мяне расійскі пашпарт, не буду лічыцца легіянерам. Ды і дадому ўсё ж такі хацелася, сумна было. Я ж англійскай амаль не ведаў, толькі пару слоў. Хоць за паўгады ўжо разгаварыўся, знайшоў пару сяброў. Але ўсё роўна не тое. Увогуле, прыехаў дадому, чакаў інфармацыі ад агента. Але з Расеяй нічога не выйшла, нікуды я не паехаў. Па выніку прыйшлося падпісаць гадавы кантракт з мясцовай «Іскрай-Сталлю». Нават трэцяе месца ў чэмпіянаце занялі.

 

- Потым у цябе ў дасье «Ціраспаль» значыцца.

- Там зусім нядобрая сітуацыя атрымалася. Мне пасля сезону ў «Іскры-Сталі» кішынёўская «Дачыя» прапаноўвала кантракт: добрыя грошы, пад’ёмныя. Але я паехаў на прагляд у “Валгар-Газпрам” у ФНЛ. А там я на размінцы падаю мяч і рву пярэднюю на сцягне. І ўсё. Еду дадому. Але Улад Гоян, які быў галоўным трэнерам у «Іскры-Сталі», да таго часу ўзначаліў ФК Ціраспаль, таму мяне, нават траўміраванага, забралі туды на паўтары гады.

 

- Нядрэнны крэдыт даверу.

- Так, я ж тры месяцы лячыўся. Кантракт дайграў, а ўзімку зноў паехаў на прагляд, дарэчы, у «Нафтан», на збор да іх у Турцыю. Там у той час Кучараў працаваў. Чатыры дні патрэніраваўся, адыграў адзін таварыскі матч. Трэнер мне сказаў, што я патрэбны камандзе, будуць падпісваць. Толькі папрасіў пачакаць пяць дзён, пакуль яны ў Беларусь злётаюць. Сказаў, што яшчэ адну гульню паглядзіць, і ўсё. Яны прылятаюць, і на наступны дзень мы гуляем супраць каманды з першай лігі Украіны. Нас усю гульню вазілі: у нас правага абаронцы не было, так яны менавіта гэты фланг і душылі. Потым я яшчэ пару дзён патрэніраваўся, і Кучараў сказаў, што ў іх занадта шмат паўабаронцаў, і яны не могуць мяне ўзяць. А трансфернае акно ўжо амаль усюды зачынілася. Мне здаецца, непрыгожа чалавек паступіў. У мяне ж былі на той момант прапановы з іншых каманд, але я адмаўляў, бо думаў, што падпішу кантракт з «Нафтанам». У выніку варыянтаў больш не было, паехаў у «Дачыю». Ну а ўжо летам апынуўся ў Мазыры.