Максім Сухавееў: «Пакаленні мяняюцца, і пакуль не ў лепшы бок»

Катэгорыя: 

Максім Сухавееў - знакавы персанаж мазырскага футбола, які прайшоў са «Славіяй» праз многае. Спачатку разумны гульца, а затым даволі граматны трэнер. Яшчэ перад Новым годам мы сустрэліся са старэйшым трэнерам мазырскага дубля, каб пагутарыць аб надзённых справах і падвесці вынікі мінулага сезону.

 

Мазырскі пед., “ЛАЗікі”, барная стойка

 

- Чым у асноўным займаешся ў міжсезонне?

- Зразумелая справа, што дома дапамагаю жонцы глядзець за малодшым сынам: яму-та ўсяго 9 месяцаў, за ім дагляд патрэбен. А яшчэ атрымліваю адукацыю - БДУФК, трэнер па футболе.

 

- Другая адукацыя, ці што?

- Ды не, першая :) Я ж наш мазырскі пед не скончыў.

 

- Сам сышоў?

- Ну як сышоў... Папрасілі. Пакуль Іван Данілавіч Замулка мэрам быў, дык не чапалі. А потым адразу ж ветліва папрасілі. Я ж на вочным вучыўся, каб праблем не было: завочнікаў у той час у армію забіралі. І на чацвёртым курсе мяне выгналі. Цяпер зноў паступіў на бясплатнае, але ўжо завочнае аддзяленне: на другім курсе вучуся, да сесіі рыхтуюся.

 

- У адпачынку за мяжу нікуды не паехаў?

- Ну а куды з маленькім дзіцём паедзеш? Толькі што з каляскай па горадзе :) А калі гульцам быў, то часта выязджаў з жонкай.

 

- Як Дзмітрый Раўнейка па ўсякіх незвычайных мясцінах?

- Не, я не экстрэмал. Лепш ехаць ужо туды, дзе ведаеш сітуацыю. Вядома, хочацца новых адчуванняў, паглядзець іншыя месцы, але гэта лепш без дзяцей рабіць. А мы ўсё ж такі дачку старэйшую заўсёды з сабой бралі. Так што класіка жанру: Турцыя, Егіпет. Думаю, што іншыя падарожжы яшчэ наперадзе.

 

- Але хоць піраміды дачцэ паказаў?

- Сам паглядзеў, а вось дачку з сабой не браў: страшная справа гэтая паездка на піраміды. Так, як яны ездзяць, то гэта была мая першая і апошняя паездка. Едуць без фар, хуткасць - 110-120 км/г, аўтобусы, як нашыя «ЛАЗікі». Я за ўвесь шлях тры разы з аўтобуса выходзіў: думаў, што ўсё, прыехалі. Ўпісваемся ў паварот рэальна на двух колах. Выходзіш з гэтага аўтобуса, а перад табой сцяна пяску стаіць. Жах.

 

- Што яшчэ вясёлага з такіх паездак запомнілася?

- Адзін раз у Егіпце з намі ў адным гатэлі адпачывалі шатландцы. Мы выходзім з раніцы на пляж, а яны ўжо за барнай стойкай сядзяць. Увечары ідзем у горад, а яны ў гэтых жа рэчах усё яшчэ там. Увогуле, не адыходзячы ад касы: накаціў, паспаў, устаў і зноў давай. Вось людзі на адпачынак прыехалі - чыста за барную стойку. Гэта трэба было столькі ляцець, каб проста пасядзець. Дома сядзь ды і сядзі.

 

- У шатландцаў светапогляд шмат у чым, кажуць, з надвор'ем звязаны.

- Гэта так. Я быў адзін раз у Шатландыі. Ездзілі яшчэ па маладзёжцы на турнір у Абердзін. І надвор'е там вельмі пераменлівае. Прачынаешся - сонейка з раніцы. Ідзеш снедаць, а пасля сняданку нельга нават да гатэля дайсці: дождж проста сцяной ідзе. А праз паўгадзіны зноў сонца. І так па пяць разоў за дзень.

 

Шасцёркі, зазвяздзяцца, прывозы

 

- Хлопцы з дубля зараз таксама ўсё ў адпачынку?

- Некаторыя гуляюць на аматарскіх турнірах у горадзе, а астатнія адпачываюць. Ды і яны сур’ёзна нагуляліся ў гэтым сезоне, так што адпачынак ім неабходны. Каляндар быў складзены так, што шчыльнасць гульняў была вельмі вялікая. Відаць, складальнікі не ўлічылі, што ў мінулым сезоне гульні дублюючых складаў былі перад гульнямі асновы, а ў гэтым годзе - на наступны дзень. Так што на ліцэнзійныя гульні даводзілася выходзіць ледзь не з дарогі пасля выездаў. Перапынкі - дзень, два. Як тут адновішся? Моладзі давялося цяжкавата. Добра, што сур'ёзных траўмаў ніхто не атрымаў. Гэта ж які тэмп быў! Больш за 50 гульняў за сезон. Мы нават неяк падлічылі, што чатыры чалавекі з дубля ў адзін з месяцаў згулялі 11 матчаў!

 

- У мінулым сезоне з каляндаром зусім бяда была.

- Так. І дзяленне на шасцёркі, і перанос гульняў дубля. Вось як з той жа «Белшынай» атрымалася? Ім зусім крыху не хапіла да таго, каб трапіць ў першую «шасцёрку». Ды і іншыя каманды таксама. Брэст набірае столькі ж ачкоў, колькі Гомель. Брэст - восьмы, Гомель - шосты. І не факт, што без падзелу вынік быў бы такім. Той жа «Дняпро» абыграў ўсю першую пяцёрку. Ды і быў жа прыклад ЦСКА, калі ў сезоне 1998 каманда валілася і пасля першага круга займала 14 месца. А ў другім крузе армейцы выйгралі 14 матчаў і заваявалі ў выніку срэбныя медалі! Так што мне незразумелы сэнс гэтага дзялення каманд на «шасцёркі».

 

- Таксама гульцы і трэнеры кажуць пра іншы настрой на больш моцных супернікаў.

- Так, вядома! І як мы будзем наогул у зборную, асабліва моладзевую, людзей рыхтаваць, калі ў камандах першай шасцёркі даволі шмат легіянераў? Дзе ў нас гуляюць людзі, якія выступаюць за моладзевыя зборныя? У камандах, якія ніжэй рангам. А хлопцам трэба пастаянна павышацца ў класе, гуляць супраць сур'ёзных сапернікаў, каб падцягваць свой узровень. Ды і ліміт на легіянераў дае аб сабе ведаць. Было б як раней - максімум тры, тады і моладзь б гуляла. І легіянеры былі б больш якасныя, усіх проста так бы не бралі.

 

- Хто з тваіх падапечных добра дадаў у мінулым сезоне?

- Не хачу называць канкрэтных імёнаў, а то яшчэ як “зазвяздзяцца” :) Ім яшчэ вееельмі шмат трэба рабіць і працаваць над сабой. Але ёсць людзі, якія нармалёва дадалі. Трох чалавек можна будзе смела падцягваць да асновы.

 

- Кажадуб, здаецца, нядрэнна глядзеўся.

- Чатыры разы на нуль адгуляў. Але вось у матчы супраць «Шахцёра» усе шэсць мячоў былі яго. Так што яму таксама ёсць, у чым удасканальвацца. Калі будзе пастаянна працаваць і прафесійна ставіцца да справы, то можа чагосьці дасягнуць. Мы, вядома, вельмі разлічвалі на Залатухіна, думалі, што ён нават у аснове сябе зможа праявіць. З нашай абаронай, вядома, далі яму шмат шанцаў паказаць усе свае навыкі. Спачатку ён зрабіў вельмі моцнае ўражанне, але як толькі пайшлі афіцыйныя гульні, чалавек чагосьці спалохаўся. Можа, ніколі раней не адчуваў такой адказнасці за вынік, мала гуляў, перахваляваўся недзе. Увогуле, мы спадзяваліся зусім на іншы ягоны выступ. Бо калі ёсць добры брамнік, то і камандзе лягчэй гуляць. А так сам баішся лішні раз памыліцца недзе. Прывозаў ад яго хапала. Калі праз гульню не прывозіў, то ўжо добра. Як мінімум праз гульню. Не выйшаў у Залатухіна сезон, карацей кажучы.

 

Дахлаваценькія, павага, не цягне.

 

- Як увогуле табе на трэнерскай пасадзе? Ужо забіў у сабе футбаліста?

- Напэўна, яшчэ не. Гэта вельмі цяжка зрабіць. Хто б што ні казаў, ты ўсё роўна будзеш узгадваць эпізоды са сваёй кар'еры і супастаўляць, параўноўваць. Ды і для прыкладу будзеш выкарыстоўваць моманты з сваёй практыкі. Як ні круці, а ўсё адно ўзгадваеш, хто, як і калі гуляў. Мне здаецца, што без гэтага нерэальна быць трэнерам. Тым больш, што і футбол змяняецца з кожным годам. Ён робіцца больш інтэлектуальным. Калі раней можна было трымаць па два-тры «вольных мастакі» у камандзе, то цяпер ужо больш арганізаваны футбол. Зараз неабходная жорсткая дысцыпліна. Але гэты падыход прыносіць свой плён.

 

- Цяперашняя моладзь моцна адрозніваецца ад твайго пакалення?

- Я параўноўваю наша 18-гадовае пакаленне і гэтых 18-гадовых хлопцаў: гэта дзве вялікія розніцы. Асабліва па здароўі. Мы неяк мацнейшымі былі, здаравейшымі, больш магутнымі. Можа, на самой справе, экалогія сваё дала, Чарнобыль гэты? Дахлаваценькія хлопцы. Бо ў 18-гадовым узросце мы з Мішам Марціновічам ужо ездзілі на зборы, паўнавартасна трэніраваліся з асноўнай камандай. Баюся, мала хто вытрымае цяпер такое.

 

- Ды і адцягваючых фактараў раней усё-ткі паменш было.

- Вядома, захапленні іншыя былі, кампутараў не было. Дома не сядзеў: трэніроўка - на вуліцу. Дадому толькі паесці і паспаць, усё. А зараз кампутары, тэлефоны, што ў іх там? Усе сядзяць. Тэхналогіі ў нашы часы не такія былі, Інтэрнэту не было. А зараз вось усё гэтае і з'явілася, але не цягне.

 

- Прафесіяналізму хлопцам не дастае?

- У нас такога не было, каб чалавек прыходзіў на трэніроўку за пяць хвілін да пачатку, а пасля заканчэння так хутка ўцякаў, што нават не ўсе паспявалі ў распранальню зайсці. Мы прыходзілі за гадзіну да пачатку трэніроўкі, а адтуль нас часам нават ледзь не сілай выганялі - займаліся, пакуль не сцямнее. Пакаленні мяняюцца, і пакуль не ў лепшы бок. Павага да старэйшых зусім іншая. Не ўзгадаю, каб нехта мог на трэніроўцы старэйшаму нешта адказаць, а цяпер маладыя любому могуць ужо адказаць: трэнеру, дырэктару - каму заўгодна, без праблем. Не кажучы ўжо пра старэйшых. Зусім іншае пакаленне. Можа быць, мы для яшчэ больш старэйшых выглядалі гэтак жа. Можа, нас так жа параўноўвалі з сабой папярэднія пакаленні? Але ўсё-такі, спакус у цяперашніх хлопцаў больш. Мы пачыналі гуляць не за грошы, а за імя. А ўжо толькі пасля таго, як у цябе нешта атрымлівалася, ты мог нечага прасіць. Зараз жа ў большасці сваёй людзі адразу ж пачынаюць чагосьці патрабаваць, нават не зрабіўшы толкам нічога. Можа, праблема ў гэтым.

 

- Думкі, скажам так, у хлопцаў не толькі пра футбол?

- Зразумелая справа, што ўсе абавязкі гульцаў павінны прапісвацца ў кантрактах. Але самае галоўнае, як мне здаецца - гэта ўсё ж такі жаданне. Калі яго няма, то ніхто ніколі ў жыцці не прымусіць чалавека добра гуляць і выкладвацца на 100%. Нават з-пад палкі. Для поспеху неабходна трохі таленту, а ўсё астатняе - гэта праца. Але без таленту таксама вельмі цяжка, адной працаю ўзяць. Але з іншага боку лепш трымаць у камандзе сярэдняга гульцу, які цалкам выкладваецца і ўсё выконвае, чым талент, які можа на цябе напляваць.

 

- Цяпер для моладзі складаней трапіць у каманду, чым у твае маладыя гады?

- Проста калі мы траплялі ў першую каманду, то прабіцца было даволі складана. Напэўна, нават нам цяжэй даводзілася на той момант. Бо тады ў нас і трэнер быў расійскі, і легіянераў хапала. Ды і грошы былі шалёныя ў камандзе. Атрымлівалася, што гуляў той, хто больш атрымліваў. А як тады было сказаць чалавеку, што малады, напрыклад, гуляе за 50 даляраў, а ты, вопытны, за 500 не гуляеш? Ды і ў мяне ў канкурэнтах былі Васілюк са Стрыпейкісам. А ў Мішы Марціновіча - Мацвейчык з Шутавым. Як там было трапіць у склад? Спрабавалі, стараліся. Ва ўсялякім выпадку выходзілі, гулялі, атрымлівалася. Так што ў той момант дакладна было цяжэй, чым цяпер.

 

- Але за апошні час у нас толькі Дзяніс Лапцеў, напэўна, дарос да першай каманды.

- Для хлопцаў гэтыя два гады ў вышэйшай лізе былі выдатным шанцам праявіць сябе. Гэта быў наогул добры падарунак, каб за гэтыя два гады паказаць усе свае ўменні. Хто хацеў, той яго выкарыстаў. Калі і далей будуць добра працаваць і прафесійна ставіцца да футбола, то будзе плён. А для таго, хто думаў «ай, яшчэ паспею», час ужо прайшоў. У нас у камандзе ёсць людзі, якім 20, 21 год, а гэта ўжо шмат.

 

Фота з асабістага архіва Максіма Сухавеева.