Набудзь абанемент - падтрымай каманду!

Катэгорыя: 

Паважаныя заўзятары! Мы хацелі б паведаміць вам, што ў сезоне 2014 футбольны клуб «Славія» падрыхтаваў для вас некалькі прыемных новаўвядзенняў, якія, мы спадзяемся, зробяць падтрымку любімай каманды больш зручнай і цікавай для вас.

 

Так, у першую чаргу мы хацелі б паведаміць, што ў гэтым сезоне Асацыяцыя Беларуская федэрацыя футбола мае планы даць магчымасць правядзення інтэрнэт-трансляцыі матчаў ўсім клубам не толькі вышэйшай, але і першай лігі. Такім чынам, у сезоне 2014 вы зможаце ўбачыць не толькі ўсе хатнія, але таксама і гасцявыя матчы «Славіі». Праўда, усе тэхнічныя моманты пакуль яшчэ вырашаюцца, таму першых некалькі матчаў, нажаль, не будуць трансліравацца. Аднак мы прыкладзем усе намаганні, каб зрабіць асвятленне нашых сустрэч максімальна поўным і прывабным для вас.

 

Што тычыцца непасрэдна нашых хатніх гульняў, то кошт квіткоў на стадыён «Юнацтва» складзе, як і ў мінулым сезоне, 20 тысяч рублёў. А ўсе дзеці да 12 гадоў змогуць наведваць нашы хатнія матчы бясплатна, але толькі ў суправаджэнні дарослых.

 

Таксама мы пачынаем прымаць заяўкі на абанементы, якія будуць вырабленыя і перададзеныя сваім уладальнікам да 19 красавіка, калі адбудзецца першы хатні матч «Славіі». Перад пачаткам матчу вы таксама зможаце набыць сезонныя абанементы ў касах стадыёна «Юнацтва». Кошт сезоннага абанемента - 250 тысяч рублёў. Абанемент дае права наведвання ўсіх гульняў у рамках чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе сярод каманд першай лігі сезона 2014, а таксама Кубка Беларусі - 2014/2015.

 

Першапачаткова абанементы будуць прадавацца на сектар В (цэнтральны), на рады з 16 па 19, месцы з 1 па 40 (месцы з аранжавымі сядзеннямі).

 

 

Аднак у заяўцы вы можаце самі пазначыць сектар, абанемент на які вы хацелі б атрымаць. Заяўкі на абанементы просьба накіроўваць на электронны адрас press@fcslavia.by.

 

У заяўцы неабходна пазначыць:

- Неабходную колькасць абанементаў;

- Імя і прозвішча;

- Кантактны тэлефон.

 

Пасля атрымання заяўкі мы звяжамся з вамі і дамовімся, як перадамо вам  абанемент. Так што, дарагія заўзятары, мы вельмі спадзяемся на тое, што сустрэнемся з вамі ў новым сезоне! Купляйце абанементы, хадзіце на стадыён, ездзіце на выезды, глядзіце інтэрнэт-трансляцыі і падтрымлівайце сваю мясцовую каманду!