Турнір перад Калядамі

Катэгорыя: 

Снежань - не самы лепшы час для футбола ў нашых шыротах. Аднак гэты факт не перашкаджае мазырчукам вось ужо які год праводзіць Калядны турнір , які з'яўляецца самай значнай падзеяй футбольнага міжсезоння ў гэтых месцах. Вось і на гэты раз спаборніцтва сабрала восем камандаў, якія прадстаўляюць розныя калектывы горада Мазыра і не толькі . Гульні праходзяць па міні -футбольных правілах: чатыры палявых гульцы і брамнік, 2 таймы па 20 хвілін. Такі фармат супрацьстаяння аптымальны для залы «Будаўнік», якая прымае спаборніцтвы.

 

У гэтым годзе за прыз імя Станіслава Караткевіча змагаецца восем дружын. Самай малодшай з іх з'яўляецца моладзевая каманда «Славіі», якая складаецца з хлопцаў 1995 года нараджэння, а таксама ўзмоцненая дасведчаным Ігарам Слесарчуком. Такім чынам ён не толькі трымае сябе ў добрай форме, але таксама асабістым прыкладам паказвае мазырскаму маладняку, як трэба выкладвацца на пляцоўцы і правільна дзейнічаць у розных сітуацыях. Па выніках групавога турніру былі вызначаны чвэрцьфінальныя пары: у першай з іх маладзёжка «Славіі» сустракалася з першай камандай галоўнага партнёра мазырскай дружыны - МНПЗ. Усе чвэрцьфіналы праходзілі ўвечары 21 снежня.

 

 

Маладыя «славяне» паказалі даволі прывабную гульню, аднак ўсё ж не змаглі выстаяць у барацьбе супраць больш дасведчанага апанента. Трэнер хлопцаў незадаволены: «Ну што гэта такое? Што за судзейства?! Пры ліку 3:2 іх гульцы за грубае парушэнне павінны былі паказваць другую жоўтую! Дзве хвіліны ў большасці!» - выказвае незадаволенасць Міхал Марціновіч. Яно і зразумела, бо пры такім павароце падзей у будучай змены «Славіі» былі б усе шанцы на выхад у паўфінал. А так гульні скончылася выніковай перамогай завадчан з лікам 5:2. У паўфінале ім трэба памерацца сіламі з «Пандоры», якая выбіла з спаборніцтваў як раз другую каманду МНПЗ.

 

Яшчэ ў адным паўфінале згуляюць каманда Мазырскага аўтарамонтнага завода і Гомельчыгунтранс. Дасведчаная каманда АРЗ проста каменя на камені не пакінула ад сваіх сапернікаў з МНС - 4:0. Пры гэтым хет - трыкам адзначыўся Іван Ляцецкі, які не на жарт разышоўся ў гэты вечар. Поспехам сваіх падапечных радаваўся дырэктар АРЗ Уладзімір Міхалавіч Цырульнік, які не проста прыйшоў паназіраць за гульнёй сваіх «падапечных» . Было відаць, наколькі важна для яго ўсё, што адбываецца: калі брамнік АРЗ атрымаў невялікае пашкоджанне і ўпаў на падлогу, Уладзімір Міхалавіч адразу ж выбег на пляцоўку, каб даведацца, што адбылося з галкіперам АРЗ.

 

- У яго ёсць невялікія праблемы са спіной. Вось, яны далі пра сябе ведаць. Спадзяюся, што ўсё будзе добра, зараз вось будзем глядзець, - распавядае пасля матчу Уладзімір Міхалавіч.

 

- Як увогуле ацэніце сённяшнюю гульню сваёй каманды?

 

- У цэлым, задаволены. Супернік меркаваў, што ў нас будзе перавага, але галоўнай нашай задачай было захоўваць дысцыпліну. З ёй, я лічу, хлопцы справіліся. Гэта добрая рэпетыцыя сустрэчы з Гомельчыгунтрансам. Хлопцы ў добрай форме, асабліва Ваня Ляцецкі. Ёсць агрэхі, але гэта, хутчэй, адбіваецца недаацэнка суперніка. А так, увогуле, нармальна.

 

- Чым цяпер наогул занятая дружына АРЗ?

 

- Вось зараз Калядны турнір, у плане падрыхтоўкі да пляжнага чэмпіянату плануем удзел у чэмпіянаце раёна. Таксама мы заявіліся ў Кубак Беларусі па футзале, выйшлі ў чвэрцьфінал, які пройдзе ў студзені. Так што ў нас цяпер шчыльны графік: і трэніроўкі, і гульнявая практыка. А ў траўні плануем пачаць чэмпіянат па пляжным футболе. Разглядаем магчымасць удзелу ў чэмпіянаце краіны па футзале. Задач шмат, хапіла б сілы.

 

- А што па Вашым удзелу ў жыцці вялікага футбола ў Мазыры?

 

- Разабрацца б з усімі гэтымі пытаннямі. Шчыра кажучы, цяпер межсезонка, шмат пытанняў па «Славіі». Цяжка казаць, я пакуль ўдзельнічаю ў апякунскай радзе клуба. Праблемы усе старыя. Да сярэдзіны студзеня ўжо будзе нейкая канкрэтыка і пра мой удзел у лёсе клуба, ды і ў цэлым.

 

У той жа час, калі шлях у паўфінал апынуўся даволі простым для каманды АРЗ, то вось іх будучым супернікам прыйшлося не проста пастарацца, а прыкласці максімальныя намаганні для дасягнення неабходнага выніку. Гомельчыгунтранс і «Спарта» выдалі сапраўдны трылер, які без сумневу можа лічыцца лепшым матчам таго вечара. Дарэчы, у складзе «спартанцаў» выступае і дырэктар «Славіі» Андрэй Васілец: ветэран мазырскага футбола не спяшаецца вешаць буцы на цвік, што нават вельмі выдатна. Гамяльчане хутка адкрылі лік у гэтым супрацьятсаянні, аднак да перапынку атрымалі цэлых тры мячы ў свае вароты ад няўступлівых мазырчукоў. Маглі выцягнуць і больш, але гульцы «Спарты» не рэалізавалі пару стоадсоткавых момантаў. У другім тайме Гомельчыгунтранс спачатку скараціў адрыў, потым прапусціў зноў, а затым ужо прыйшла чарга гасцей забіць тройчы запар. У выніку валідольны матч скончыўся з лікам 5:4 на карысць гамяльчан, якія ў паўфінале памераюцца сіламі з камандай АРЗ.

 

 

«Усё-такі супернік дастаткова моцны. У канцы трэба было выпускаць гульцоў, якія максімальна добра гуляюць у адборы, персанальна. А то адзін раз прапусцілі закід, другі раз не разабраліся ў сітуацыі, прапусцілі. Трэба сказаць, што таксама не выкарысталі пару верных момантаў. З гэтага і складаецца вынік» - дзеліцца ўражаннямі Андрэй Васілец.

 

Калі пасля прачытання ўсяго вышэйапісанага ў вас з'явілася жаданне на свае вочы пераканацца ў відовішчнасці матчаў Каляднага турніру, то калі ласка: матчы за 5-8 месцы адбудуцца 24 снежня ў 19.00, а таксама 27 снежня ў 18.45, паўфіналы пройдуць 26 снежня ў 19.00, а фінал і матч за трэцяе месца - 28 снежня ў 17.30. Прыходзьце, будзе цікава!