5 высноў пасля «Winter Cup-2014»

Катэгорыя: 

«Славія» скончыла свой выступ на першым спаборніцтве ў сезоне 2014, якое насіла таварыскі характар. Падвядзем прамежкавыя вынікі і вылучым самае важнае з таго, што давялося ўбачыць на поле ў выкананні мазырчукоў.

 

1. Юрый Пунтус гатовы ствараць новую гісторыю

Баявы настрой Іосіфавіча быў выдатна бачны нават з вышыні трыбун. Шчыра кажучы, мне стала зразумелая ўся сур’ёзнасць намераў цяперашняга галаўкама мазырчукоў ўжо падчас вось гэтага інтэрв’ю. На самой справе, вельмі прыкметна, як перажывае і жыва рэагуе на ўсё, што адбываецца на полі, настаўнік палешукоў, чым, несумненна моцна адрозніваецца ад папярэдняга галоўнага трэнера «Славіі». Вядома, далёкаідучыя высновы па ўсяго трох таварыскіх гульнях рабіць складана, аднак ужо цяпер нельга не адзначыць, што па ходзе матчу Юрый Іосіфавіч можа змяніць характар дзеянняў сваіх падапечных у залежнасці ад сітуацыі на полі. А гэта менавіта той кампанент, якога часцяком не даставала дружыне з берагоў Прыпяці ў мінулым сезоне.

 

2. На матчах «Славіі» не будзе сумна

На пытанне аб тым, якой гульнявой схемы будзе трымацца «Славія», Юрый Пунтус з упэўненасцю адказаў: «Адназначна, 4-3-3. Гэтая схема была мной любімая заўсёды, і камплектацыя каманды ідзе кропкава менавіта пад гэтую мадэль гульні. Будзем атакаваць». Брэсцкі зімовы турнір, увогуле, цалкам пацвердзіў, што словы трэнера не разыходзяцца са справай. Асабліва гэта выявілася ў вясёлай зарубе супраць «Гарадзеі», калі палешукі здолелі стварыць проста процьму момантаў каля варот апанента. Праўда, рэалізацыя падвяла... Але ўсё роўна тэндэнцыя добрая, а высокая рэалізацыя звычайна становіцца вынікам руплівай працы. Карацей кажучы, думаецца, што ў гэтым сезоне гульня «Славіі» дакладна не будзе выклікаць у заўзятараў абурэньне з нагоды забытай дома падушкі.

 

3. У абароне здараюцца пажары

7 прапушчаных мячоў у трох матчах - не самы лепшы паказчык. Вядома, гэта можна справядліва спісаць на незгулянасць каманды і часцяком эксперыментальны склад, але ўсё ж. Тут таксама не лішнім будзе закрануць вышэйзгаданы матч супраць «цукровых». Камбінацыйная і хуткая гульня суперніка часцяком прыводзіла да ўзнікнення даволі сур’ёзных праломаў у абароне мазырчукоў. У матчы з «Дынама» таксама толькі геройства Кажадуба і злы лёс берасцейцаў некалькі разоў ратавалі «Славію» ад яшчэ большага пагаршэння сітуацыі ў графе «прапушчаныя мячы». Асабліва праблемным выглядаў правы фланг славянскай абароны: менавіта з гэтага боку да брамы мазырчукоў прыходзіла найбольшая колькасць пагроз. Будзем спадзявацца, што ўсе дзіркі будуць надзейна залатаныя да пачатку сезона, а то скразняк ў штрафной звычайна ні да чаго добрага не прыводзіць.

 

4. Страхановіч - у поўным парадку

Страхановічу праз два месяцы 35? Вы што, хлопцы?! Калі б існаваў тэст на вызначэнне футбольнага ўзросту гульцы (кшталту рэальна надакучыўшага тэсту на псіхалагічны ўзрост), дык Алегу б гэтая праграма выдала максімум лічбу 28. Калі сур’ёзна, то ў такія гады гуляць на краі паўабароны - гэта проста космас, скажу я вам. Пры гэтым гуляць так, як гэта робіць Страхановіч: са зрухамі ў цэнтр, дрыблінгам, выдатнейшым бачаннем поля і дакладным пасам. Увогуле, калі Юрый Пунтус казаў пра Алега як пра структураўтваральнае звяно ў механізме пад назвай «Славія», ён відавочна не хітраваў - Страхановіч сапраўды застаецца гульцам высокага ўзроўню, здольным павесці за сабой каманду і навучыць мазырскую моладзь калі не ўсяму, то вельмі шмат чаму на футбольным полі.

 

5. Ліміт на моладзь нам не страшны

Той факт, што адной з галоўных задач «Славіі» з’яўляецца вывядзенне маладых гульцаў на новы ўзровень, ужо не раз дэклараваўся не толькі галоўным трэнерам, але і кіраўніцтвам клуба. Берасцейскі турнір зноў-такі паказаў, што гэта былі не пустыя словы. Вядома, нельга адразу ж стварыць калектыў, здольны вырашаць якія-небудзь задачы, выключна з юных футбалістаў, але іх удзел у агульнай справе ўсё-такі даволі важны. Нядрэнна праявіў сябе, да прыкладу, Іван Шляга. Таксама можна адзначыць дзеянні Максіма Кажадуба, якому некалькі разоў давялося здзяйсняць здораўскія сэйвы падчас адкрытага пажару. Выдатна глядзеўся нападаючы Аляксандр Катляроў, а праявы яго хуткасных якасцяў на флангу часам былі сапраўды ашаламляльнымі. Астатняя наша моладзь, хочацца верыць, таксама па ходзе сезона падцягнецца на неабходны ўзровень.