1 тур "Славiя" Мазыр 2:0 Смалявічы-СТІ

1 тур
2:0
"Славiя" Мазыр
Смалявічы-СТІ
Дата правядзення матча: 
19/04/2014
Час: 
17.00
Месца правядзення матча: 
дома
Стадыён: 
Юнацтва
Колькасць гледачоў: 
1500

Славія:

Гаёў, Ахраменка, Аль-Маджыд, Грачышка, Хаміцэвіч (Харытончык, 66), Раеўскі (Шут, 82, Страхановіч, Слечарчук (Герман, 53), Катляроў (Шыкаўка, 60), Кобец, Лапцеў (Паўлавец, 77).

 

Смалявічы-СТІ:

Чэркас, Трачынскі, Васілёнак, Лехавіцкі, Шчэранкоў (Казак, 46), Шкурко, Сямёнаў (Ханкевіч, 80), Трапашка, Русак (Сцяпанаў, 67), Мараў, Мінянкоў.

 

Галы:

Кобец, 13; Раеўскі, 59.

 

Папярэджанні:

Раеўскі, 34; Лапцеў, 34; Сцяпанаў, 69; Васілёнак, 86.

 

 

- Ну што, пойдзем заўтра на футбол?

- Ай, я не ведаю. Можа лепш кіно паглядзім?

- Ды не, трэба ісці стопудова. Першы матч ж у сезоне, ды і на Пунтуса паглядзець цікава.

 

Я пачуў гэты дыялог маладой парачкі напярэдадні матчу, і на душы адразу ж стала неяк весялей і цяплей неяк. І падобныя размовы даводзілася прапускаць праз свае вушы не адзін раз за папярэднія дні. Нават знаёмыя, якія раней не вельмі-та захапляліся лакальным футболам, сур’ёзна збіраліся на “Юнацтва” ў суботу а пятай вечара.

 

Шчыра кажучы, даўно ў мяне не было адчування, што спорт нумар адзін у Мазыры прыцягвае столькі ўвагі. Пры гэтым прозвішча новага галоўнага трэнера мазырчукоў стоадсоткава згадвалася ў футбольных абмеркаваннях. І з ім звычайна звязваўся прыстойны аб’ём спадзяванняў і чаканняў: ад прыгажосці гульні да паляпшэння інфраструктуры. Сапраўды, “кадры вырашаюць усё”(с).

 

Да пачатку матчу на стадыёне збіраецца тысячы паўтары чалавек. Адчуваецца, што горад на самай справе чакаў пачатку сезона. Ды і надвор’е адпаведнае: з раніцы сонейка нармалёва прыпякло, таму добрая палова гледачоў прыйшла без куртак. Да сярэдзіны першага тайма робіцца ветрана, а ў другой палове сустрэчы неба зацягвае хмарамі. Але надвор’е на стадыёне не псуе надвор’я на поле, ва ўсякім выпадку для гаспадароў.

 

З самага пачатку сустрэчы “Славія”, падбадзёраная мясцовай тарсідай, пачынае ўпэўнена ісці наперад. Намаганні мазырчукоў даволі хутка ўвасабляюцца ў канкрэтны вынік: ужо на дванаццатай хвіліне Аляксандр Кобец замыкае флангавы прастрэл Алега Страхановіча і літаральна грудзьмі ўносіць мяч у вароты гасцей. Пасля гэтага гульня трохі супакойваецца, а праз пару хвілін “Смалявічы-СТІ” маюць нядрэнны шанец ўраўняць лічбы на табло. Уладзімір Гаеў няўдала адбівае мяч пасля штрафнога ўдару, а набаяючы Яўген Мінянкоў адпраўляе мяч дакладна ў перакладзіну мазырскай брамы.

 

У прынцыпе, “Славія” дамінавала на працягу ўсяго матчу, толькі зрэдку даючы гасцям магчымасць пагаспадарыць на чужой для іх палове поля. Самі ж мазырчукі раз за разам ладзілі пажар у штрафной праціўніка, прымушаючы ўступаць у гульню смалявіцкага галкіпера. Так, Дзмітрый Герман некалькі разоў знаходзіцца зусім блізка ад ўзяцця варот, але Аляксандр Чэркас цягне. А вось перад ударам свайго цёзкі Раеўскага метраў з 25 на 59 хвіліне брамнік гасцей аказваецца безабаронным. Адыграцца ў падначаленых Альберта Рыбака ўжо не атрымліваецца. Такім чынам, 2:0, і палешукі святкуюць першую перамогу ў новым сезоне.

 

 

Каментар Юрыя Пунтуса:

 - У першую чаргу хачу павіншаваць усіх з гэтым святам - адкрыццём сезона, а таксама са святам, якога мы ўсе чакаем заўтра - з Вялікаднём. Я вельмі рады перамозе над камандай, якая не чужая мне. Я таксама рады, што праціўнік не расчараваў - пад кіраўніцтвам Альберта Уладзіміравіча Рыбака каманда працягнула прагрэсаваць і паказваць прывабны футбол. Вядома, мы выйгралі заслужана, мелі больш момантаў, але Смалявічы гулялі ў футбол і давалі гуляць у футбол нам. Сезон толькі пачынаецца, і мы яшчэ цалкам не ўкаціліся. Мне здаецца, што гэта яшчэ не лепшая наша гульня.

 

Смалявічы мелі некалькі момантаў, асабліва было небяспечна, калі нам дараваў Мінянкоў. Аднак мяне парадавала нашая гульня ў абароне: хлопцы паказалі самавітасць, рух, паразуменне. І таксама я задаволены нашай моладдзю, хоць і ў Шыкаўкі, і ў Германа гульня не зусім атрымалася. Але асабліва варта адзначыць гульню, вядома ж, Сашы Раеўскага і Алега Страхановіча.

 

- Ці быў гэты матч прынцыповым для вас у асабістым плане?

- Мы, трэнеры, у пэўным плане, як вайскоўцы. Вядома, ёсць нейкая настальгія, але мы служым футболу, той камандзе, якой кіруем у дадзены момант. Таму я проста задаволены, што мы абыгралі добра гуляючую каманду. Быў настрой, але не злы, а спартовы. Па-спартоваму хацелася гэтай перамогі. Усё ж такі першы матч, і ён не быў для мяне радавой гульнёй.

 

- Многія трэнеры, калі каманда выканае задачу на сезон, абяцаюць здзейсніць які-небудзь ўчынак. Напрыклад, згаліць вусы ці нешта гэтага кшталту. Вы можаце даць падобнае абяцанне на выпадак выхаду “Славіі” ў вышэйшую лігу?

- Мы проста будзем вельмі рады выйсці ў вышэйшую лігу. У нас няма нейкага такога запавету. Ёсць проста вялікае жаданне перамагаць.

 

І клёвыя ФОТАКАРТКІ з не меней клёвымі подпісамі вы, як заўжды, можаце знайсці ў нашых сяброў з offside.by.

Галы: 
:
Замены ў Славіі: 
Папярэджання: 
Выдалення: