29 тур Мінск-2 5:1 "Славiя" Мазыр

29 тур
5:1
Мінск-2
"Славiя" Мазыр
Дата правядзення матча: 
15/11/2014
Час: 
14:00
Месца правядзення матча: 
у гасцях
Стадыён: 
КФП ФК "Минск"

Што гэта было? Гэта адзіная думка, якая наведвала мяне (ды і не толькі, думаю, мяне) пасля заканчэння выязной сустрэчы супраць «Мінска-2». У гэты дзень на штучным полі не было наогул нічога, што магло б парадаваць мазырскіх заўзятараў, якіх сабралася зусім няшмат.

 

Па-першае, як і меркавалася, не пашанцавала з надвор'ем. Шэра, зябка і ветрана. Думалася, што каманды сваімі актыўнымі дзеяннямі змогуць асвятліць такі панылы пейзаж і не даць народу замерзнуць - можна было прыстойна азябнуць яшчэ па дарозе да поля, не кажучы аб двух гадзінах прастою ў такіх умовах. У прынцыпе, гульня атрымалася даволі актыўнай, вось толькі вясёлай яе назваць у заўзятара «Славіі» язык не павернецца.

 

Па-другое, насуперак чаканням, суцэльная шэрасць была не толькі ў небе, але таксама і ў дзеяннях мазырскай каманды. Калі ў першым тайме ў падапечных Юрыя Пунтуса яшчэ хоць нешта атрымлівалася (напрыклад, Лапцеў меў тры верных моманты, выходзіў адзін на адзін з брамнікам суперніка, але не здолеў атрымаць з гэтага ніякага карыснага выніку), дык у другой палове сустрэчы каманда проста развалілася.

 

Па-трэцяе, атмасферу на стадыёне ніяк нельга назваць футбольнай. Тут на матчы першай каманды «Мінска» народу ходзіць зусім няшмат, дык што ўжо казаць пра сустрэчы першалігавай дружыны? Хоць тыя пару дзясяткаў чалавек, хто не пашкадаваў свайго часу на дадзеную сустрэчу (сярод якіх былі і Юрый Шуканаў, і Сяргей Паўлюковіч, і Віталь Ледзянёў і нават Анатоль Байдачны), змаглі пабачыць цалкам сабе сенсацыю.

 

«Мінск-2» хутка забіў, і пасля гэтага нават не думаў змяншаць абароты. Сталічныя хлопцы выдатна трымалі мяч і цалкам кантралявалі ход гульні. Як ні дзіўна, але менавіта госці былі вымушаныя будаваць сваю гульню вакол нешматлікіх контратак. Часам яны заканчваліся стандартнымі становішчамі каля брамы суперніка. Дзякуючы аднаму з іх да перапынку ў «Славіі» атрымалася зраўняць лік - Алег Страхановіч замкнуў падачу з вуглавога.

 

Здавалася, пасля перапынку гульня наладзіцца, гаспадары падсядуць, а мазырчукі нарэшце раскруцяць махавік сваіх атакуючых дзеянняў. Але справы для «Славіі» пайшлі яшчэ горш, чым было. Актыўнасць мінскай моладзі нікуды не знікла, а наадварот - нават ўзрасла. У гасцей жа не атрымлівалася зусім нічога ў атацы плюс грубыя памылкі ў абароне. Хуткасныя атакуючыя гульцы мінчукоў раз за разам апярэджвалі мазырскіх абаронцаў і пасля пранікальных перадач урываліся ў штрафную суперніка.

 

Адбілася адсутнасць Паўла Грачышкі, які атрымаў пашкоджанне ў гульні супраць «Хіміка» і Сяргея Шчэгрыковіча, які атрымаў траўму падчас трэніроўкі. У выніку ў абароне ў мазырскай каманды гулялі: Харытончык злева, Мінянкоў і Васілёнак ў цэнтры, а Кобец на правым флангу. Такога спалучэння гульцаў у абароне ў гэтым годзе назіраць яшчэ не даводзілася, таму нядзіўна, што зладжаннасці ў іх дзеяннях не назіралася.

 

Увогуле, “Мінск-2” у другім тайме проста каменя на камені не пакінуў ад мазырскіх гасцей, якія ўжо заваявалі сабе пуцёўку ў вышэйшую лігу. Гэта было самае буйное паражэнне «Славіі» у сезоне пры найгоршай якасці гульні. З улікам таго, што мікашэвіцкі «Граніт» дома аформіў міравую са «Слонімам», то чэмпіёнства першай лігі мазырчукам таксама ўжо не свеціць. Застаецца спадзявацца, што апошняя сустрэча стане завяршэннем бягучага сезону на мажорнай ноце.

 

Каментар Юрыя Пунтуса:

- Я заўсёды казаў, што ў цяперашняй першай лізе аднолькава цяжка гуляць супраць «Граніта», «Віцебска» і «Мінска-2». І не трэба глядзець, што каманда знаходзіцца на 11 радку ў табліцы - гэта вельмі падманліва. Тым больш, што на нас, як на лідэра, усё настройваюцца. Сцэнар атрымаўся той жа, што і ў матчы супраць «Зоркі-БДУ». Сказаць, што мы заслужылі паразу ўшчэнт 1:5, напэўна, будзе няправільна.

 

Папракнуць хлопцаў у тым, што яны гулялі без імпэту, я мог пасля першага тайма ў матчы з «Хімікам», але не пасля гэтай гульні. Настрой быў. Я бачыў, што хлопцы гарэлі. І момантаў у нас было не менш, чым у гаспадароў поля. Толькі тады, калі пры ліку 1:3 Лапцеў не забіў пасля выхаду адзін у адзін, ужо вера ў канчатковы вынік пакінула ўсіх.

А «Мінск» рэалізаваў практычна ўсё, што ў іх было. Асабліва другі гол: так нельга даваць забіваць, гэта датычыцца нашай абароны. Яны рэалізавалі свае магчымасці на 90%, а мы - на 10. Вось і вынік.

 

Адзінае, я незадаволены памылкамі ў абароне. І рэалізацыяй момантаў, у прыватнасці гэта датычыцца Лапцева. З такіх матчаў таксама трэба рабіць правільныя высновы, каб рухацца далей. Хай лепш такое здараецца ў такіх сітуацыях, чым тады, калі ачкі будуць вельмі патрэбныя. Вядома, я вельмі засмучаны. Гэта вельмі цяжкі момант, які трэба перажыць.

 

- Пасля гэтага матчу яшчэ раз зацвердзіўся ў меркаванні, што без Паўла Грачышкі ў нас у абароне бяда. Гэты чалавек робіць як мінімум палову ўсёй працы.

- Так, яго адсутнасць - гэта вялікая праблема. Гэтак жа, як і траўма Шчагрыковіча. Ён набраў тыя кандыцыі, якія павінен. Я ведаю яго вельмі даўно. Ён у мяне пачынаў у 17 гадоў гуляць у вышэйшай лізе ў МТЗ-РІПА, і я ведаю яго патэнцыял. Ён проста зараз стаў больш упэўненым у сабе, бо фізічныя кандыцыі ў яго заўсёды былі на нармальным узроўні. Але трэба ж было здарыцца такому пашкоджанню. Зараз яму трэба будзе за час адпачынку грунтоўна залячыцца. Перад гульнёй супраць «Іслачы» у нас наогул бяда - не будуць гуляць Лапцеў, Мінянкоў, Шчагрыковіч. Будзем думаць.

 

- «Мінск-2» правёў супраць нас дзве выдатных гульні. Будзем кагосьці адтуль прыглядаць на будучыню?

- Для нас адназначнага ўмацавання патрабуюць флангі абароны, там у нас няма асаблівай канкурэнцыі. Мы прапусцілі вельмі шмат мячоў. Хоць і выйшлі ў вышэйшую лігу, але ў абароне ў нас вельмі дрэнна. Так што будзем глядзець. Я ўжо казаў, што асноўнымі крыніцамі кадраў для нас могуць стаць такія каманды як «Зорка-БДУ» і «Менск-2».

 

Галы: 
1:0
Белявский
(5'
1:1
Страханович
(46'
2:1
Кульбако
(57'
3:1
Разин
(68'
4:1
Макаров
(81'
5:1
Михалевич
(90'
Склад каманды Славіі: 
Василенок
Воронков А.
Гаев
Герман
Кобец
Котляров
Лаптев
Миненков
Раевский
Страханович
Харитончик
Замены ў Славіі: 
Склад каманды: 
Высоцкий, Мельник, Красавин, Русак, Каборда, Мытник, Разин, Кульбако, Белявский, Гуренко, Кошель
Папярэджання: 
Выдалення: