Славія:
1 тайм: Гаеў, Мельнік, Міненкоў, Грачышка, Васілёнак, Кобец, Раеўскі, Страхановіч, Калядка, Катляроў, Харытончык.
2 тайм: Романюк, Цулукідзэ, Шут, Канапацкі, Шчагрыковіч, Ціханоўскі, Бацяноўскі, Паўлавец, Шкурко, Апхазава, Герман.
Выходзілі: Камінскі, Аканін, Кузаўкін, Слабашэвіч.
Першы адкрыты перадсезонны спарынг мазырскай «Славіі» не проста выклікаў цікавасць у заўзятараў, але таксама ставіў перад імі мноства пытанняў. На якія мы паспрабавалі знайсці адказы за 90 з невялікім хвілін, правёўшы гэты самы час зімовым днём на КФП Мінск. Сустракалася мазырская дружына, уласна, з аднайменным сталічным клубам.
Загадзя варта абмовіцца, што перадсезонныя сустрэчы ў стылі Юрыя Іосіфавіча Пунтуса - гэта менавіта праверка наяўнай абоймы гульцоў у разнастайных спалучэннях і на розных пазіцыях. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што на першы і другі таймы выходзяць розныя склады, а ў працэсе гульні футбалісты часцяком мяняюць свае пазіцыі на полі. Дарэчы, гэта дадае цікавасці такога роду гульням - не кожны дзень можаш убачыць такую варыятыўнасць складу.
У прынцыпе, першы тайм прайшоў адкрыта пад дыктоўку гаспадароў поля. Яны з ходу прыбралі ініцыятыву да рук і не адпускалі яе аж ды самой канцоўкі першай паловы сустрэчы. І як толькі здалося, што ў мазырскіх хлопцаў пачатак нешта атрымлівацца ў атацы, мінчане тут жа арганізавалі гол: маўляў, няма чаго расслабляцца. Пасля падачы з флангу Лукіч апынуўся паваротлівей за усіх у мазырскай штрафной і адправіў мяч міма Уладзіміра Гаева, у якога, дарэчы, хапала працы да гэтага моманту. Аднак пасля гэтага адбыўся эпізод, які трохі палегчыў гульню «славянам»: пасля фолу на Аляксандры Раеўскім у складзе гаспадароў стала адным гульцом менш - за грубае парушэнне была паказана чырвоная картка - рэдкая з'ява ў падобных сустрэчах.
У першым тайме «Славія» ўяўляла з сябе 4-2-3-1 амаль што ўзору мінулага сезону, толькі Дзмітрый Харытончык адправіўся на правы фланг паўабароны, а яго месца ў абароне заняў Сяргей Мельнік. Месца ж цэнтрфорварда было аддадзена паспяховаму галеадору сезону 2014 у першай лізе Міхаілу Калядку. Як бачым, нічога спецыфічнага (у станоўчым значэнні, вядома) з гэтага не выйшла. Гэта ж адзначыў пасля матчу і галоўны трэнер каманды.
У другой палове сустрэчы справы ў «чырвона-чорных» пайшлі весялей. На полі ў складзе мазырскай каманды ўжо ў большасці былі хлопцы, якіх мы не бачылі ў мінулым сезоне. Сімвалічна, што дзеянні менавіта аднаго з такіх персанажаў - хаўбека Артура Слабашэвіча, ужо знаёмага Юрыю Пунтусу па працы ў Смалявічах-СТІ, прывялі да адзінага ўзяцця брамы гаспадароў. Таксама выдатную магчымасць вызначыцца меў Дзмітрый Герман, які ў другім тайме выконваў ролю ляза атак «Славіі», аднак мяч пасля яго акуратнага ўдару трапіў у перакладзіну. Па выніку каманды разышліся мірам.
У другім тайме «Славія» гуляла ўжо па схеме 4-3-3 з перавернутым вяршыняй уніз трохвугольнікам ў цэнтры поля, гэта значыць з адным апорным паўабаронцам. Мазырчукі мелі перавагу над супернікам, што і дазволіла падапечным Юрыя Пунтуса адыграць адзін мяч. Варта адзначыць, што на полі з'явіліся ўсе гульцы, якія прымаюць удзел у мінскім зборы. Адсутнічаў толькі Андрэй Варанкоў, пакуль набіраючы форму пасля аперацыі і працуе па індывідуальнай праграме. Увогуле, першы агляд сіл прайшоў досыць паспяхова, аднак у далейшым назіраць за фарміраваннем і развіццём каманды стане, як здаецца, яшчэ цікавей.