4 тур Гарадзея 0:1 "Славiя" Мазыр

4 тур
0:1
Гарадзея
"Славiя" Мазыр
Дата правядзення матча: 
07/05/2014
Час: 
17.30
Месца правядзення матча: 
у гасцях
Колькасць гледачоў: 
250

Славія: Гаеў, Ахраменка (Паўлавец, 46), Грачышка, Слесарчук, Хаміцэвіч (Шчагрыковіч, 46), Кобец, Раеўскі, Катляроў (Хадаркевіч, 86), Герман (Радчанка, 70), Харытончык, Лапцеў (Шыкаўка, 70).

 

Гарадзея: Скіндэрыс, Тарасенка, Шматко (Крот, 75), Мальцаў, Усеня, Мартынец (Чалей, 46), Бубноў, Дзямешка (Сашчэка, 46), Яхно (Лебедзеў, 46), Сарока, Цявераў (Ядзешка, 46).

 

Гол:

0:1 - Слесарчук, 67.

 

Знайсці гарадскі пасёлак Гарадзея, як аказалася, справа даволі няпростая. Заездаў ў населены пункт шмат, а вось шыльдаў з яго назвай - мякка кажучы, не вельмі. Пакруціўшыся па прыватным сектары, у рэшце рэшт прыбываем на невялікі стадыёнчык, які знаходзіцца адразу побач з кармільцам усяго мясцовага насельніцтва - цукровым заводам. Там жа побач - басейн і лазня, а таксама дом культуры. Увогуле, усё, што трэба для прыстойнага адпачынку.

 

Антураж і атмасфера маленькага мястэчка, вядома, зачароўваюць. Проста-такі поўны камплект ўсіх правінцыйных асацыяцый. Тут табе і маляўнічае азярцо за стадыёнчыкам, і шашлычкі, якія гатуюцца адразу за пару метраў ад уваходу на трыбуны, і мясцовы бамонд, які ўжывае гэтыя самыя шашлычка перад, у перапынку і пасля гульні пад адпаведныя напоі, а падчас матчу лушчыць семкі і акуратна плюе ачысткі ў папяровыя пакецікі, у якіх мы прывыклі бачыць гарадзейскі цукар на прылаўках крамаў. Увогуле, ідылія.

 

Вось у такім жа правінцыйным стылі і гуляе гарадзейская каманда. Шчыра кажучы, чаканні былі трохі іншыя. Пасля «дня адчыненых дзвярэй», які паказалі каманды на таварыскім турніры ў Берасці, думаецца, што гульня ўжо сапраўды будзе забіяцкай. Аднак калі «Славія» спрабуе камбінаваць на газоне, шчыра кажучы, не самай лепшай якасці, дык у Гарадзеі атрымліваюцца толькі флангавыя праходы і падачы ў цэнтр штрафной.

 

У першай палове гульні палешукі ладзяць татальнае дамінаванне, толькі зрэдку дазваляючы адгыркнуцца гаспадарам поля. Такое становішча спраў не можа не ўвасобіцца ў небяспечныя моманты. Ды яшчэ якія! Ужо на дзясятай хвіліне матчу «Славія» атрымлівае права на адзінаццаціметровы. Да кропкі падыходзіць спакойны, здавалася б, Дзяніс Лапцеў. Кароткі разбег, удар, і мяч выцягвае Сімас Скіндэрыс, які яшчэ ў мінулым годзе выступаў у складзе мазырчукоў. Вось такое прывітанне перадае галкіпер свайму былому партнёру па камандзе.

 

Але на гэтым веселуха не сканчаецца. Мазырчукі працягваюць атакаваць з яшчэ большай настойлівасцю, і па сканчэнні дзевятнаццаці хвілін пасля няўдалага ўдару Лапцева Герман ладзіць выдатны момант, уварваўшыся з флангу ў штрафную суперніка. Пасля ўдару форварда мяч трапляе ў штрафной плошчы ў руку аднаму з абаронцаў Гарадзеі, а арбітр пад абурэньне трыбун зноў паказвае на кропку. І зноўку да мяча падыходзіць Лапцеў! «Два разы снарад у адну варонку не падае» - праносіцца ў мяне ў галаве ў той момант, як Дзяніс разбягаецца. Але яшчэ праз секунду я ў чарговы раз пераконваюся, што з любых правілаў існуюць выключэнні. Цудоўны ў гэты дзень Сімас і другі раз дастае мяч з кута, ладна сапсаваўшы настрой і нервы мазырскай дружыне.

 

Здаецца, што гэта пераломны момант у гульні. Аднак да перапынку ніякіх зменаў на полі не адбываецца. У распранальні, думаецца мне, мае месца даволі сур'ёзная размова. І на другі тайм мазырская дружына выходзіць злёгку ў абноўленым складзе. У пачатку тайма «Славія» трошкі падсядае, даўшы магчымасць Гарадзеі трохі паказаць сябе ў атацы, аднак потым усё зноў вяртаецца ў рэчышча першага тайма.

 

На 67 хвіліне мазырчукі зарабляюць вуглавы. Падаваць у адсутнасць Алега Страхановіча ідзе Аляксандр Кобец. «Зараз будзе гол» - упэўнена заяўляе дырэктар клуба Андрэй Васілец, што сядзіць побач са мной. «Ну, не ведаю» - толькі паспявае вырвацца ў мяне. Ігар Слесарчук, які другі матч запар грае на нехарактэрнай для сябе пазіцыі цэнтральнага абаронцы, выскоквае вышэй за ўсіх і пасылае мяч у далёкі кут! «Дык Вам бы стаўкі рабіць!» - кажу я пасля таго, як трохі ўлягаюцця эмоцыі.

 

Пасля гэтага Гарадзея арганізоўвае навалу, аднак гэта прыводзіць толькі да пары паўмомантаў. «Славія» прэсінгуе праціўніка і не дае талкова развярнуцца габарытным атакуючым гульцам гаспадароў. А фінальны свісток суддзі фіксуе трэцюю перамогу палешукоў, якая выводзіць іх на другое месца ў турнірнай табліцы першай лігі.

 

 

Каментар Юрыя Пунтуса:

 

Такія матчы запамінаюцца. Дэтэктыўная гульня , шмат страчана нерваў. Але для станаўлення маладога калектыву такая сустрэча вельмі важная. Нягледзячы на тое, што ў нас была размова на падвышаных танах у перапынку, нам нішто не перашкодзіла даказаць, што мы сёння мацней. І мы дамагліся такой важнай перамогі за кошт характару.

 

- Можна падрабязней, што адбывалася ў распранальні ў перапынку?

- Трохі пагаварылі на падвышаных танах, прычым ініцыятыва больш зыходзіла ад мяне. Але я думаю, што гэта была добрая размова ў плане псіхалогіі.

 

- З Лапцевым потым будзе асобная размова?

- Разумееце, гэта ж футбол. Ён жа не спецыяльна так зрабіў, вядома.

 

- Была дамова, што менавіта ён будзе выконваць пенальці?

- Як такой дамовы не было. Проста пасля матчу з Гомельчыгунтрансам, у якім адзінаццаціметровы рэалізаваў Саша Раеўскі, я ў яго спытаў, чаму ён пайшоў да кропкі. Ён адказаў, што быў упэўнены ў сваіх сілах. І ён павінен быў сёння выконваць удары з кропкі. Абодва разы гэта была ініцыятыва Дзяніса падыходзіць да адзнакі.

 

- Лапцеў будзе штатным пенальтыстам ў камандзе?

- Ведаеце, зараз мне цяжка адказаць на гэтае пытанне. Заўсёды мы прызначалі пенальтыстаў, аднак у футболе бываюць моманты , калі ўдары выконвае іншы гульца: ці ўжо лік буйны, ці каму-небудзь трэба забіць. Таксама залежыць ад таго, калі прабіваецца пенальці. Заўсёды ў камандах было так, што да кропкі ідзе чалавек, які адчувае, што заб'е. Гэта ініцыятыва, якая не караецца.

 

- Слесарчук другі матч у цэнтры абароны праводзіць выдатна?

- Выдатна. Канешне, бо яшчэ і гол забіў. Ды і прамыя абавязкі выдатна выканаў. І самае галоўнае - калі вы заўважылі, што проста перад галявым момантам ён папрасіў замены. Я яго накіраваў і сказаў: «Ты зараз заб'еш». А потым я ўжо сказаў яму, што ён на зарадзе энергіі і станоўчых эмоцыях зможа дайграць матч да канца.

 

- Гарадзея не прынесла ніякіх сюрпрызаў?

- Ды не, як мы яе і разбіралі. Думаю, што яны і самі разумеюць, што Гарадзея пачатку гэтага сезону - каманда, якая паказвае прымітыўны футбол. І мы гэта ведалі. Так і атрымалася. Адзінае, што пасля забітага мяча мы трохі адышлі ў абарону, пачалі чакаць моманту для контратакі. І яны ўжо проста навалай сталі атакаваць нашую браму. Але акрамя паўмомантаў яны ўсё роўна нічога не стварылі.

 

- Сёння Харытончык гуляў наперадзе ў сувязі з траўмай Страхановіча. Калі будзе гатовы Алег?

- Сёння мы прынцыпова не выпускалі яго ні на якіх ўколах, таму што ён патрэбны мне цалкам гатовым. Думаю, што да гульні з Віцебскам Алег ўжо будзе ў парадку. Ён і сёння мог праявіць гераізм, але мы вырашылі яго паберагчы, бо пах - гэта месца, у выпадку няправільнага ўколу ў якое гульца можа выбыць надоўга.
 

Галы: 
:
Замены ў Славіі: 
Папярэджання: 
Выдалення: