5 тур "Славiя" Мазыр 0:0 Віцебск

5 тур
0:0
"Славiя" Мазыр
Віцебск
Дата правядзення матча: 
11/05/2014
Час: 
17.00
Месца правядзення матча: 
дома
Колькасць гледачоў: 
1960

Славія: Гаеў, Ахраменка (Радчанка, 83), Грачышка, Слесарчук (Хадаркевіч, 10), Харытончык, Шикаўка (Паўлавец, 46), Раеўскі, Кобец, Катляроў, Шчагрыковіч (Герман, 58), Лапцеў (Хаміцэвіч, 70)

 

Віцебск: Васюцін, Пазняк, Карповіч, Лянічка (Шакаў, 20; Лебедзеў, 89), Скітаў, Грачыха (Белы, 83), Гомза (Красноў, 72), Баранок, Краўчанка, Ірха, Усачоў.

 

 

Цэнтральны матч тура збірае на трыбунах даволі прыстойную колькасць людзей - каля двух тысяч чалавек прыходзіць паглядзець на супрацьстаянне патэнцыйных прэтэндэнтаў на павышэнне. Улічваючы насычаны каляндар і даволі непрадказальныя вынікі ў матчах першай лігі гэтага сезону (што ўжо не раз адзначалася самімі трэнерамі клубаў), чакаць можна ўсяго, што заўгодна. Так што цікавасць у народа прысутнічае даволі сур’ёзная.

 

Першы тайм больш актыўна пачынаюць госці - віцябляне прыстойна прэсінгуюць і не даюць разгарнуцца не тое, што мазырскай атацы, але нават і абароне. У адным з эпізодаў пры вынасе мяча траўму атрымлівае Ігар Слесарчук - яго замяняюць ўжо на 10 хвіліне гульні. «Ігар тузануў заднюю цягліцу сцягна, таму ён можа прапусціць да месяца» - скажа пасля гульні галоўны трэнер «Славіі» Юрый Пунтус. Замест дасведчанага нападаючага, трэці матч запар выконваючага функцыі цэнтральнага абаронцы, у пару да Паўла Грачышкі выходзіць малады Руслан Хадаркевіч. Забягаючы наперад, варта адзначыць, што 21-гадовы гульца палешукоў гуляе на годным узроўні, надзейна замкнуўшы падыходы да сваёй штрафной.

 

У першай палове сустрэчы Віцебск мае выдатны момант, каб выйсці наперад, але мяч пасля ўдару Лянічкі трапляе ў перакладзіну, удараецца аб зямлю і трапляе ў ногі да Паўла Грачышкі, які выносіць яго на вуглавы. Выдыхаю. Да сярэдзіны першага тайма мазырская дружына збіраецца і паступова перахапляе гульнявую ініцыятыву - зараз асноўныя дзеянні разгортваюцца ўжо на палове поля гасцей. Аднак вастрыні, шчыра кажучы, замала. Момант мае толькі Дзяніс Лапцеў, які атрымаў перадачу-цукерку ў раёне адзінаццаціметровай адзнакі, але не апрацаваўшы мяч запусціў снарад роўна ў галкіпера гасцей.

 

Пасля перапынку на поле зноў стаіць штыль. Шмат барацьбы, мала камбінацый. Хоць гаспадары і імкнуцца выконваць ўжо звыклы ім атакуючы і тэхнічны футбол. Вось толькі сіл на рэалізацыю ўсіх задумак, відаць, не хапае. Усё ж такі трэцяя гульня за тыдзень - сур'ёзнае выпрабаванне для маладой мазырскай каманды. Тым больш, што па-за гульнёй аказваюцца два ветэраны, прысутнасць якіх шмат у чым вызначала манеру і стыль «Славіі» - Алег Страхановіч і вышэйзгаданы Ігар Слесарчук. Дадаўшы да гэтага траўмы Арама Аль-Маджыда і Арцёма Шута, можна зразумець, што з такімі кадравымі праблемамі спраўляецца не кожны гранд футбола.

 

Карацей кажучы, гульня не мае шмат момантаў. Нават замены не ў сілах рабіць нейкі ўплыў на вынік на табло. Хоць у Дзмітрыя Германа і Максіма Паўлаўца атрымліваецца пару разоў выканаць свае фінты і апынуцца ў непасрэднай блізкасці ад варот суперніка, дакладнага завяршэння гэтыя старанні не маюць. Некалькі вуглавых ў выканані Кобеца таксама не сканчаюцца поспехам. Віцебск, у прынцыпе, таксама пару разоў выбіраецца да мазырскай штрафной, але ўсё дарэмна.

 

Цікава, што ў такой прынцыповай і важнай сустрэчы ў футбалістаў абедзвюх каманд захоўваецца поўны кантроль над эмоцыямі: за ўсю гульню арбітр ні разу не бачыць падставы палезці ў кішэню за карткай - даўненька я такога не прыгадваю. Увогуле, фінальны свісток суддзі фіксуе безгалявую нічыю, якая пакідае мазырскую дружыну на другім месцы ў табліцы першай лігі.

 

Пасляматчавая прэс -канферэнцыя:

 

Каментар Юрыя Канаплёва:

- Думаю, што гульня заўзятарам спадабалася. Ні адна з каманд не закрывалася, усе спрабавалі атакаваць. Адзінае, што не ўдалося забіць галоў - хоць былі моманты і ў нас, і ў «Славіі». Таму, я думаю, што было б крыўдна праехаць 450 кіламетраў і прайграць тут. Я думаю, што 0:0 - нармальна. Зноў жа, хацелі выйграць, але трэба было забіваць. «Славію» я бачыў першы раз, і мне яна спадабалася - нездарма каманда набрала столькі ачкоў.

 

- Што здарылася з Лянічкай?

- Пры падзенні ў яго нешта пстрыкнула ў пазваночніку. Ён нават не мог сам гетры нацягнуць. Напэўна, нешта зашчымела. Не ведаю, можа быць, пайшло нават нейкае зрушэнне. (Пазней стала вядома, што ў Лянічкі адбылося зашчымленне пазванкоў - рэд.)

 

- З чым звязана зваротная замена Шакава?

- Шакаў таксама гуляў з мікратраўмай - у яго былі праблемы з прыводзячай. Проста гэта таксама звязана з календаром: тры гульні за тыдзень, тым больш такія пераезды - усё гэта адбіваецца на цягліцах. Мы планавалі выпусціць яго крыху пазней, на 60 - 70 хвіліне. А так з-за пашкоджання Ленічкі яму давялося адыграць з траўмай.

 

- Прайшло пяць тураў, як ацэніце старт Віцебска ў чэмпіянаце?

- Адзінае, што прайгралі дзве выязных гульні. У Рэчыцы на 89 хвіліне прапусцілі, не па справе, і ў Гарадзеі цэнтральныя абаронцы дапусцілі адзіную памылку на 70 хвіліне - таксама не па справе прайгралі. Нават калі б згулялі абедзве гэтыя гульні унічыю, было б цудоўна. Улічваючы тое, што мы ў першай лізе трэці год, магу сказаць, што ўзровень яе прыкметна падрос. Раней было дзве-тры каманды-лідэра, а астатнія - сераднякі. Зараз сем-восем добрых каманд, якія будуць біцца і здабываць ачкі. Старт нашай каманды мяне не задаволіў: у планах не было гэтых двух паражэнняў.

 

Каментар Юрыя Пунтуса:

- Я таксама скажу, што вынік справядлівы. Можа, гэтая нічыя павінна была быць выніковай, бо абедзве каманды мелі моманты. Нам таксама хацелася перамагчы, мы разумелі прынцыповасць гэтага матчу. Самае галоўнае, я выразна ўяўляю, што Віцебск - гэта каманда, якая ў лістападзе будзе прэтэндаваць на першыя месцы і выхад у вышэйшую лігу. Адзінае, можа не атрымалася той відовішчнасці, якой было больш у нашых папярэдніх хатніх матчах. Але зноў жа, я перакананы, што гэта не наша віна, а віна суперніка, які аказаў нам такі супраціў. Я ўяўляў, што будзе цяжка. Я падзякаваў хлопцам: ніхто не сыходзіў ад барацьбы. Хоць гэта толькі пачатак чэмпіянату, але ў хлопцаў, можа, назапасілася стомленасць: усё ж такі тры гульні за тыдзень - трошкі цяжкавата было ім, свежасці не праглядалася. Таксама адзначу, што на нас адбіваецца адсутнасць Страхановіча, ды і Слечарчука, які літаральна на першых хвілінах атрымаў траўму. Гэтая траўма, улічваючы ўзрост, з'яўляецца вынікам той стомленасці, якая назапасілася за апошнія дні. У мяне было разуменне, што яму па-добраму сёння трэба было даць адпачыць. І цяпер мне шкада, што не настаяў на сваім ўнутраным жаданні, а, спытаўшы ў Ігара, паставіў яго ў склад. І зараз, думаю, што мы яго страцілі на нейкі месяц.

 

Не ведаю, канешне, як адклікаюцца аб гэтай гульні нашы заўзятары, для якіх мы гуляем і меркаванне якіх нам вельмі важна. Паверце, гэта не нейкая бравада, гэта ісціна. Асабіста мне, па сумленні, не сорамна за гульню. Не за змест, а за той характар​​, які паказалі хлопцы. У такіх гульнях заўсёды выяўляецца характар​​, паколькі сутыкнуліся дзве роўныя каманды.

 

- Ці можаце сказаць нешта канкрэтнае па стане Страхановіча?

- Калі б я захацеў, каб ён гуляў, ён бы гуляў. Але на ўколах. А хлопца ў 34 гады з траўмай я выпускаць не хацеў: у яго ўсё яшчэ спазміраваны пах. Я палічыў, што ў нас яшчэ шмат адказных гульняў. Я нават ад граху далей не ўключаў яго ў заяўку, каб у мяне не было жадання выпусціць яго па ходзе матчу. Я зараз на сябе вешаю страту Слесарчука. Таму дзякуй Богу, што мы захавалі Страхановіча. Думаю, што праз тыдзень мы яго ўбачым на полі.

 

- Аль-Маджыд і Шут будуць гатовыя праз тыдзень?

- Па крайняй меры Маджыд пасля выходных будзе трэніравацца ў асноўнай абойме. Але яму яшчэ трэба набраць форму.

 

- Што са Слесарчуком?

- Пстрыкнула задняя цягліца сцягна. На аднаўленне патрэбныя дзесьці 21 суткі, а ўлічваючы ўзрост, то недзе месяц. Плюс яшчэ форму трэба набраць. Так што мінімум на месяц ён выбыў.

 

- Як ацэньваеце старт «Славіі»?

- Вядома, мне не вельмі прыемна наша параза ў Гомелі. Але па набраных ачках пакуль усё нармальна. Хоць давайце глядзець праўдзе ў вочы: яшчэ 5 лютага мы наогул не мелі каманды. Хтосьці кажа, што на яе пабудову трэба 2 гады. А мы пакуль вось так з ліста пачалі, і пакуль нам не сорамна.

 

P.S. За фота дзякуй Сяргею Баравіку.

Галы: 
:
Папярэджання: 
Выдалення: