6 тур "Славiя" Мазыр 3:1 Ліда

6 тур
3:1
"Славiя" Мазыр
Ліда
Дата правядзення матча: 
17/05/2014
Час: 
17.00
Месца правядзення матча: 
дома
Колькасць гледачоў: 
1200

«Славія»: Гаеў, Хаміцэвіч, Грачышка, Слесарчук (Радчанка, 72), Харытончык, Шчагрыковіч (Герман, 46), Кобец, Раеўскі (Хадаркевіч, 64), Катляроў (Паўлавец, 59), Страхановіч, Лапцеў (Шыкаўка, 77).

 

«Ліда»: Куганскі, Тарашчык, Хадзянкоў (Кулакоўскі, 46), Пазьняк, Хадыка (Сафонаў, 55), Дубатоўка (Бомбель, 54), Кавалюк, Пятроў (Голубеў, 83), Цішчанка, Татарнікаў (Траццяк, 70), Дземідовіч.

 

Галы:

Татарнікаў - 63 (п), Лапцеў - 67 (п), 74, Герман - 71.

 

Папярэджанні:

Шчагрыковіч-34, Цішчанка - 43, Слесарчук - 63, Пазняк - 67, Тарашчык - 73, Шыкаўка - 88, Герман - 90 +3.

 

«Дзяніска, сонейка, ну забі ты гол, калі ласка!» - У сярэдзіне першага тайма звяртаецца хтосьці з гледачоў да цэнтрфорварда мазырскай дружыны. «Один лишь только раз!» - даносіцца з іншага канца трыбуны цытата са знакамітай песні на гэты ж матыў. Гледачы дружна рагочуць. Пасля такіх пасажаў проста немагчыма заставацца панурым, хоць малюнак на полі зусім, шчыра кажучы, невясёлы, проста як кампазіцыя Віктара Цоя (напісаў у рамках далучэння публікі да творчасці дадзенага аўтара і выканаўцы).

 

На самай справе, з першых хвілін гульні складаецца ўражанне, што на здораўскім мазырскім газоне гуляць у футбол сабралася толькі адна каманда. Палешукі падоўгу валодаюць мячом, імкнуцца пабудаваць шматхадовыя і тактычна вывераныя атакі, аднак брак у перадачах або банальная ператрымка мяча нішчаць усе гэтыя пачынанні. Хоць «Славія» мае некалькі феерычных момантаў, каб выйсці наперад, аднак транжырыць іх, як мэнэджэр трынаццатую зарплату: то Лапцеў не паспявае разабрацца з мячом у варожай штрафной, то Катляроў праб'е проста ў галкіпера суперніка, то Шчагрыковіч не памкнецца проста адправіць мяч у кут брамы.

 

 

На гэтым фоне любыя контрвыпадах гасцявой каманды выклікаюць асцярогі, звязаныя яшчэ з мінулым сезонам - вось зноў будзем тактычна перайграваць суперніка, а потым атрымаем банку з-за адзінай памылкі ў абароне.

 

Хаця вось у абароне ўсё, дарэчы,уў парадку. У Ігара Слесарчука, насуперак асцярогам галаўкама мазырчукоў, не здарылася надрыву задняй, што дазволіла яму зноў выйсці ў старце на нехарактэрнай для сябе пазіцыі ў цэнтры абароны. Выкарыстоўваючы бытавую тэрміналогію, можна сказаць, што іх звязак з Паўлам Грачышкам уяўляе з сябе прыстойны свірнавы замок перад варотамі Ўладзіміра Гаева, які возьме не кожная балгарка. Што, у прынцыпе, і паказвае статыстыка: забягаючы наперад, адзначу, што ў трох крайніх сустрэчах, у якіх намінальны нападаючы мазырчукоў закрываў цэнтр абароны на працягу ўсіх 90 хвілін, «Славія» прапусціла ўсяго 2 мячы, адзін з якіх з пенальці. Увогуле, Юрый Пунтус зноўку адкрыў Ігара Слесарчука ў 38 гадоў. # рэспект

 

Дарэчы, пра пенальці. Пачатак другога тайма асабліва не мяняе агульнай карціны - «Славія» з мячом, «Ліда» адбіваецца і пільнуе. І вось пасля чарговай хуткай камбінацыі гасцей на 63 хвіліне гульні мазырчукі не паспяваюць спыніць імкненні гасцей: ужо згаданаму Ігару Слесарчуку прыходзіцца парушыць правілы ў сваёй штрафной, коштам жоўтай карткі даючы шанец на выратаванне ад гола. Аднак Татарнікаў, на якім і сфаліў Ігар, трапляе - «Ліда» вядзе ў ліку.

 

Па такім ходзе гульні некаторым гледачам здаецца, што гэта ўжо канец. «Ды нефіг ўжо тут глядзець» - махае рукой форвард мазырскага АРЗ Іван Ляцецкі, сыходзячы са стадыёна. Аднак менш чым праз пяць хвілін усім робіцца зразумела, што Ваня не мае рацыю. «Славія» пасля прапушчанага гола заводзіцца на поўную катушку. І яшчэ не паспявае аціхнуць радасць лідчан, як Дзяніс Лапцеў прарываецца ў іх штрафную, дзе яму заплятаюць ногі. Арбітр паказвае на кропку, а сам пятнаццаты нумар мазырчукоў ідзе выконваць. Шчыра кажучы, пасля гульні з Гарадзеяй, нават неяк стромна. Але Дзяніс не падводзіць - мяч ляціць у левы верхні ад яго кут - 1:1.

 

Далей - весялей. Праз чатыры хвіліны Дзмітрый Хаміцэвіч выразае шыкоўную перадачу ў штрафную. Спачатку здаецца, што ўсе, хто мог на яе адгукнуцца, былі па-за гульнёй. Аднак гучным воклічам «ЯЯЯЯЯ!» Дзмітрый Герман дае зразумець, што не ўсё так проста. Флангавы форвард мазырчукоў аказваецца спрытней ўсіх і прымушае капітуляваць Сяргея Куганскага. Трылер.

 

А яшчэ праз тры абароты доўгай стрэлкі гадзінніка Дзяніс Лапцеў робіць дубль пасля падачы штрафнога вышэйзгаданым Германам: на другім паверсе пазмагацца з Дзянісам сапраўды складана. Трыбуны радуюцца, усе задаволеныя. Пакінуты час «Славія» проста катае мяч і дазваляе паспрабаваць зладзіць феерыю свайму маладняку ​​- у штрафной «Ліды» і яе ваколіцах ва ўсю гарэзуюць Радчанка, Паўлавец і Шыкаўка. Шкада, павялічыць адрыў у хлопцаў не атрымліваецца, але глядзіцца ўсё роўна эфектна.

 

Увогуле, хатняя перамога выводзіць палешукоў на першы радок у табліцы першай лігі і адначасна задае арыентыры на ўвесь розыгрыш турніру.

 

Каментар Лычова Максіма Уладзіміравіча (памочніка галоўнага трэнера ФК «Ліда»):

Што тычыцца гульні, лічу, што прайгралі за пяць хвілін. Страцілі канцэнтрацыю пасля забітага гола і прайгралі. З такой камандай, як «Славія», трэба заўсёды гуляць да канца. Яны маюць такіх футбалістаў, як Страхановіч, які, я лічу, можа гуляць у вышэйшай лізе.

 

- Татарнікаў зарабіў пенальці, забіў гол. Чаму яго замянілі?

- Ён сам папрасіў замены - стаміўся . Вядома , гэтая замена і падзейнічала , хлопцы не разабраліся. Трэба было з ёй трошкі пачакаць .

 

Каментар Юрыя Іосіфавіча Пунтуса:

Я выкажу сваё меркаванне. Я крыху затрымаўся па-першае, таму што я рады за каманду, якая гуляла на перамогу з першай да апошняй хвіліны. Хоць абмоўлюся, не да апошняй: бо сем хвілін да канца гульні ў выкананні нашай каманды мяне не задаволілі, таму што хлопцы супраць маёй ўстаноўкі і маёй волі вырашылі захаваць лік і сілы, якія захоўваць незразумела навошта, калі наступная гульня толькі праз восем дзён. Таму свой негатыў з гэтай нагоды я выказаў. Тым больш, што небяспечныя моманты ў нашых варот пачалі узнікаць, калі мы пачалі гэтым глупствам займацца: трымаць лік і дамагчыся гэтай перамогі з лікам 3:1. Пайшло напружанне і моманты ў нашай брамы.

 

А так я задаволены. Мы стварылі дастаткова момантаў, каб не даводзіць гэтую гульню да барацьбы характараў. Але, прапусціўшы гол з пенальці, мы ўсё ж такі праявілі характар​​. Гэта таксама дарагога каштуе для каманды, якая праходзіць станаўленне. Такія гульні ўкладаюць каштоўную цэглу ў наш падмурак. Лічу, што мы абыгралі вельмі моцную каманду. Мы ведалі, што будзе вельмі цяжка. Мяркуючы па гэтай гульні на ўтрыманне рахункі ў канцоўцы матчу, я памыліўся ў тым, што нашыя замены павінны надаваць нам сіл менавіта на фінальным адрэзку гульні. Але тыя хлопцы, якія выйшлі на замену, не захацелі сябе да канца праявіць, а пачалі паддавацца агульнаму жаданню ўтрымаць лік.

 

- Не хацелі даць прабіць пенальці не Лапцеву, а камусьці іншаму?

- Раеўскага-та ўжо не было. Калі б быў Саша, то я даў бы каманду біць яму. Але а калі яго не было, а Лапцеў так упэўнена падышоў да мяча... Калі б ён не забіў, я нават не ведаю, што б я зрабіў. Але калі ён забіў, то ён упэўнены ў сваіх сілах футбаліст.

 

- У Вас не было думкі ў перапынку памяняць Лапцева?

- Не, у мяне была думка выставіць яго другім нумарам. У старце цэнтральным нападаючым паставіць Германа, а Лапцева выпусціць у той момант, калі «Ліда» падсядзе, і ім будзе вельмі цяжка. Але перш, чым гэта зрабіць, мне трэба было з ім пагаварыць. І я гэта зрабіў. Я яму выказаў яшчэ раз незадаволенасць яго гульнёй супраць «Віцебску» і даведаўся яго меркаванне з нагоды, калі я вазьму на ўзбраенне агучаны план гульні. Але не зразумейце няправільна: гэта не значыць, што калі Лапцеў сказаў, што але хоча гуляць, дык ён будзе гуляць. Проста калі ён мне адказаў, што ён гатовы біцца і даказваць два таймы, тады я вырашыў, што мне трэба яшчэ раз даць яму шанец гуляць з першых хвілін. Я веру ў яго, як у форварда. Гэта рашэнне я прыняў практычна па дарозе ў распранальню на ўстаноўку. Тое ж датычыцца і Слесарчука - я з ім пагутарыў, і калі б яго гатоўнасць не была стоадсоткавай, то ён застаўся б у запасе.

 

Галы: 
:
Замены ў Славіі: 
Папярэджання: 
Выдалення: