"Славiя" Мазыр 0 - 2 "Дняпро" Магiлёу

0 - 2
"Славiя" Мазыр
"Дняпро" Магiлёу
Дата правядзення матча: 
13/02/2014
Час: 
12.00
Месца правядзення матча: 
нейтральные поле
Стадыён: 
"Юнацтва", г. Берасце

Першы блін

 

Усяго тыдзень таму мазырская “Славія” толькі выйшла з адпачынку, а ўжо сёння, 13 лютага, падапечным Юрыя Пунтуса трэба было выйсці на штучнае поле стадыёна “Юнацтва”. Вы, канешне, не падумайце незнарок, што ў Мазыры нарэшце паклалі сінтэтыку. Проста ў Берасці таксама маецца аб'ект з такой жа назвай, што і ў знакамітай мазырскай арэны. Вось толькі берасцейскі “цёзка”, у адрозненні ад нашага, можа спакойна прымаць гульні ў зімовыя месяцы. Але гэта, як кажуць, ужо зусім іншая гісторыя.

 

Увогуле, свой ​​першы матч на брэсцкім таварыскім турніры “Winter Cup – 2014” “Славіі” было наканавана правесці супраць суперніка, сустрэчы з якім яшчэ не паспелі выпарыцца з памяці палескіх аматараў футбола. “Дняпро” двойчы цярпеў паразы ад палешукоў на другім этапе чэмпіянату мінулага сезону. Аднак гэта не перашкодзіла магілёўцам захаваць прапіску ў вышэйшым дывізіёне краіны, хай і нават пасля высвятлення адносін з “Гарадзеяй” у стыкавых матчах. Дарэчы, з гэтай “цукровай” дружынай “славянам” вызначана сустрэцца заўтра - 14 лютага. Спадзяемся, што праціўнік на самой справе апынецца салодкім ;)

 

Аднак вернемся да сённяшняй гульні з “Дняпром” (нешта мяне часцяком зносіць ў іншыя тэмы) . Перад пачаткам матчу, шчыра кажучы, акрамя зразумелых асцярог з нагоды згулянасці хлопцаў, былі сумневы ў іх фізічным стане: як-ніяк каманда толькі сабралася. Але першы тайм паказаў, што, увогуле, у гэтых сферах ўсё яшчэ цалкам нармальна для таго этапу, на якім знаходзіцца каманда цяпер.

 

Калі ў першыя дзесяць хвілін “Дняпро” актыўна прыдушыў палешукоў, то потым гульня больш-менш выраўнавалася, а мазырчукі мелі некалькі выдатных момантаў, каб адзначыцца. Спачатку Хаміцэвіч ня здолеў скарыстацца класнай пранікальнай перадачай па цэнтры штрафной, а пад канец першай паловы гульні Катляроў страціў выдатны момант вызначыцца, пусціўшы мяч побач з далёкай штангай пасля выдатнага пасу на правы край штрафной пляцоўкі.

 

А вось у прамежку паміж гэтымі небяспечнымі момантамі, на 39 хвіліне, мяч ўсё ж такі пабываў у сетцы варот. Толькі мазырскіх. Пасля серыі пасоў ў штрафной “Славіі” мяч трапіў да Алега Патоцкага, які выдатна разабраўся ў сітуацыі і запусціў снарад у сетку міма Уладзіміра Гаева. Карацей, на перапынак каманды адправіліся пры ліку 1:0 на карысць магілёўцаў.

 

У другім тайме, як і вядзецца ў такіх сустрэчах, на полі з'явіліся зусім іншыя каманды. У складзе мазырчукоў застаўся дагульваць другую палову толькі Алег Страхановіч, ды і той быў заменены хвіліне на 60. Здавалася б, хуткасці павінны былі ўзрасці, але атрымалася наадварот: з абодвух бакоў стала больш валтузні ў цэнтры поля і папярэчных перадач. Дарэчы, сярод іншых гульцаў другую палову гульні ў чырвона-чорнай форме правёў і Раман Варабей, добра знаёмы мазырскім заўзятарам. Праўда, Рома не зможа выступаць за “Славію” ў першай лізе, аднак гэта не перашкодзіла маладому ўкраінскаму паўабаронцы прыехаць на таварыскі турнір у Берасці, каб дапамагчы ўжо не чужой яму камандзе. Варабей быў пастаўлены ў нехарактэрную для яго апорную зону, таму яму, на жаль, не давялося паказаць ўсе свае якасці, сведкамі якіх мы былі ў мінулым сезоне. Ну ды нічога, усё яшчэ будзе.

 

У складзе ж “Дняпра” лепш за ўсіх у другой палове сустрэчы (ды і, па -мойму, ва ўсім матчы ў цэлым) глядзеўся Эдгар Масцяніца. Выдатна бяжыць, хутка думае, нядрэнна бачыць поле, як мне падалося. Ён, дарэчы, і ўсталяваў канчатковы лік на табло на 54 хвіліне гульні. Такім чынам, сезон 2014 “Славія” пачала з паразы, якая, аднак, не павінна з’яўляцца крыніцай песімізму для заўзятараў з горада над Прыпяццю. Пакуль яшчэ рана аб нечым судзіць, бо, па сутнасці, кожны з гульцаў правёў на полі ўсяго 45 хвілін, за якія цяжка паспець скласці якое-небудзь ўражанне.

 

Увогуле, будзем сачыць за далейшым ходам падзей. Магчыма, заўтрашні матч супраць “Гарадзеі” дась больш глебы для разважанняў і, вядома ж, аптымізму. Усё ж такі агульная карціна сённяшняй гульні мазырчукоў, асабліва ў першым тайме, падалася мне даволі, скажам так, парадачнай - з папраўкай на першую трэніроўку, праведзеную “славянамі” толькі 5 лютага. Так што не вешаем носа і чакаем справаздачы аб заўтрашняй гульні!

 

Славія:

 

1 тайм:

Гаеў (к), Аль-Маджыд, Шчагрыковіч, Ахраменка, Канапацкі, Раеўскі, Страхановіч, Хаміцэвіч, Лапцеў, Катляроў, Слесарчук.

 

2 тайм:

Кажадуб, Шут, Малчанаў, Шляга, Каленік, Любаеў, Герман, Варабей, Кліміхін, Галяк, Харытончык

Галы: 
:
Замены ў Славіі: 
Папярэджання: 
Выдалення: