31 тур. "Нафтан" - "Славія", preview.

Катэгорыя: 

Апошні выезд сезону, тым больш самы далёкі ... Рамантыка! Ды яшчэ і старажытны Полацк побач, такія шыкоўныя месцы... Аднак «Славія» едзе на поўнач не за славутасцямі (хоць і іх там, безумоўна, хапае), а толькі за перамогай. Кажаце, няма матывацыі? Ужо ўсё роўна вылецелі ў першую лігу? На гэтае пытанне самы лепшы адказ даў Юрый Іванавіч Малееў: «Мы гуляем за сваё імя, яно даражэй за грошы». Нельга больш ясна сфармуляваць цяперашні настрой мазырчукоў. Таму чакаць таго, што палешукі будуць у астатніх гульнях проста адбываць нумар, як мінімум не варта.

 

Ды і тым больш, пара б аддаць навапалачанам пазыку за матч 26 тура, калі ў Мазыры «Нафтан» здолеў вырваць перамогу ў напружаным матчы літаральна на апошніх хвілінах сустрэчы. Тая гульня надоўга запомніцца палескім аматарам футбола: перад матчам на стадыёне панаваў добры настрой, народ спадзяваўся на перамогу сваіх улюбёнцаў, якая б дазволіла максімальна наблізіцца да навапалачан ў турнірнай табліцы. Аднак усе надзеі мазырскіх заўзятараў былі разбітыя Навумавым пасля штрафнога на 88 хвіліне.

 

Думаю, не варта тлумачыць, што цяпер «Славія» паспрабуе рэабілітавацца за крыўдную паразу ад суседа па другой шасцёрцы. Ну а «Нафтан» у гэтай серыі «нафтавага дэрбі» паспрабуе пазбавіць сябе ўдзелу па выніках года ў стыкавых матчах, што з'яўляецца зараз самай актуальнай задачай паўночнікаў. Такім чынам, гульня дакладна не будзе лёгкай прагулкай як для гаспадароў, так і для гасцей.

 

Хоць і высокіх хуткасцяў таксама чакаць не варта. Усё ж такі надвор'е ўжо не тое, а значыць поле відавочна не будзе спрыяць хуткай камбінацыйнай гульні. Ды і каманды нячаста дэманструюць падобны стыль. Можна выказаць здагадку, што будзе вялікая колькасць барацьбы ў цэнтры поля, а таксама шмат падач ў штрафную суперніка. Мяркуючы па папярэдніх гульнях, «Нафтан» будзе спадзявацца на актыўныя дзеянні флангаў, а таксама на індывідуальнае майстэрства пэўных выканаўцаў: Крывабок, Навумаў, Гунчак.

 

Увогуле, калі вы не збіраецеся прапусціць магчымасць апошні раз перад доўгім міжсезоннем адправіцца на выезд за сваёй дружынай, то хуценька арганізуемся і наперад на поўнач! А калі няма магчымасці падтрымаць сваю каманду ўжывую, то ўключайце онлайн-трансляцыю і заўзімайцеся за нашых!