Прэс-канферэнцыя пасля матча супраць ГЧТ

Катэгорыя: 

Каментар Генадзя Шабуні:
- Добрая гульня атрымалася, байцоўская. Трохі паўплывала выдаленне. Хлопцам магу сказаць вялікі дзякуй за самааддачу, барацьбу. Суперніку скажу дзякуй за добрую гульню. Я, думаю, усім заўзятарам яна спадабалася. Магчыма, мазырскім заўзятарам не спадабаўся вынік.
 
- Гомельчыгунтранс ні разу не прайграў «Славіі». Ці быў асаблівы настрой на гэтую каманду?
- Мы і «Гарадзеі» не прайгравалі - дзве нічыіх. Трохі быў скамечаны старт - усё-ткі каманда сабралася толькі першага красавіка. Зараз за кошт байцоўскіх якасцяў набіраем ачкі. З моцнымі супернікамі атрымліваецца, а вось з тым, з кім нам трэба браць ачкі - не вельмі. Каманда фізічна можа біцца ўжо больш, і мы крыху вышэй сталі гуляць.
 
- Сёння два галы вашай каманды былі забітыя галавой. У мінулым матчы супраць «Славіі» Хмялёў таксама забіў галавой. Ці рабілі вы акцэнт на гульню на другім паверсе?
- Так атрымліваецца. Хлопцы бягуць у свае зоны. А там ужо галавой - значыць галавой, нагой - значыць нагой. Як мяч прыйшоў. Нельга ж сказаць, што тут майстры такога шалёнага класа, што мы будзем так моцна адпрацоўваць гульню галавой.
 
- Як на гульню каманды паўплывала выдаленне?
- Нас пазбавілі наканечніка атак. Кагось вылучаць наперад - адкрыешся, цябе пакараюць за гэта вельмі хутка. Лапцеў забіў такім ударам, што брамніку слова не магу сказаць. З другім голам будзем разбірацца. А так, вядома ж, без наканечніка ў нас у нападзе фактычна мы страцілі ўсё.
 
Каментар Юрыя Пунтуса:
- Цяжка пасля такіх гульняў, вядома, казаць. Я бачу, што гэта байцоўская каманда. Ва ўсіх гульнях супраць нас я бачу жаданне змагацца за вынік. Напэўна, гэта дае ім поспех. Па-іншаму я не ведаю, як гэта ацаніць. У нас сёння не лепшая гульня, шмат тактычных памылак. Здаецца, усё ўжо складвалася, але ўсё адно не датрывалі, не давялі гульню, як хацелася. Напэўна, усё-ткі Гомельчыгунтранс заслужыў гэтую нічыю.
 
- Ці будзе яшчэ ўзмацненне ў гэта трансфернае акно?
- Не.
 
- Ці будзе «Славія» падчас перапынку на кубкавыя гульні праводзіць якую-небудзь таварыскую сустрэчу?
- Так, у 12 гадзін у Светлагорску гуляем супраць «Хіміка». 23 у суботу.
 
- Сёння цэнтр абароны глядзеўся не вельмі. Можа быць, пара Мінянкоў - Васілёнак, раней напрацаваная ў Смалявічах, яшчэ не набрала форму?
- Я таксама незадаволены тым, як яны сёння згулялі. Будзем разбірацца. Ведаеце, пераход, новая каманда. А Васілёнак яшчэ не набраў аптымальнай кандыцыі - у яго была невялікая траўма да пераходу да нас. Будзем разбірацца.
 
- Лапцеў сёння апускаўся ніжэй, а Галоўчык стаў наканечнікам нападаў.
- Так, гэтая была мая ўстаноўка, што з выхадам Галоўчык Лапцеў стане гуляць крыху ніжэй.