Preview. "Славія" - Гомель, таварыскі матч.

Катэгорыя: 

У нядзелю наша мазырская дружына адпраўляецца на чарговае палескае дэрбі, якое на гэты раз будзе мець неафіцыйны характар. Пакуль у чэмпіянаце перапынак, звязаны з матчамі нацыянальнай і моладзевай зборных, то чаму б не выкарыстаць гэты час для невялікага спарынгу? Тым больш, што да канца ўнутрырэспубліканскіх спаборніцтваў засталося ўсяго два туры, таму можна лішні раз парадаваць аматараў футбола даволі-такі якасным відовішчам. А яно такім атрымаецца, не сумнявайцеся.

 

У гэтым сезоне сустрэчы "Славіі" і Гомеля не абыходзіліся без кучы бурных эмоцый, моцнага запалу і вострай гульні. Думаецца, што ўсе згаданыя атрыбуты футбольнага дзейства будуць прысутнічаць і на стадыёне базы ФК Гомель у Навабеліцы, дзе і адбудзецца матч (пачатак мерапрыемства запланаваны на 14:00). Хоць гульня і носіць статус таварыскай, але як можа абысціся без сур'ёзнай барацьбы адно з самых важных дэрбі краіны? Ды і наогул, якім можа быць матч шматгадовых прынцыповых праціўнікаў?

 

Так што, калі ў вас ёсць жаданне лішні раз атрымаць асалоду ад выязной атмасферы перад доўгім міжсезоннем, якое ўжо не за гарамі, а таксама падтрымаць сваю любімую каманду, то нядзельны матч "Славіі" - выдатная падстава для гэтага!