"Славія" Мазыр - "Дынама" Брэст, preview.

Катэгорыя: 

Апошні матч сезона 2013, вылет з вышэйшай лігі, гульня не ў родных сценах (матч пройдзе на Гарадскім стадыёне ў Хойніках) - у прыхільнікаў «Славіі» нямала падстаў, каб засумаваць. Аднак гэта не адмяняе таго факту, што апошняя намінальна хатняя сустрэча павінна быць праведзена на ўзроўні. «Ды які там узровень?» - скажуць некаторыя: «Адны ўжо забяспечылі сабе месца ў вышцы, другія - вылецелі. На што там глядзець?»

 

І ўсё ж, думаць, што і мазырчукам, і берасцейцам ўжо нічога не трэба, не варта. Па-першае, у які раз згадаю Юрыя Іванавіча Малеева з яго цытатай пра «гульню за імя». Па-другое, у гэтым годзе «Славія» ні разу ў «Дынама» не выйгравала. Па-трэцяе, будзе цікава паглядзець, як будуць паводзіць сябе каманды на сінтэтычным пакрыцці - дагэтуль гулялі на натуральных палях, і перабудавацца будзе не так-та проста.

 

Ды і для Хайнічан якое-ніякое, а свята: усё-такі ўжывую паглядзець на футбол вышэйшай лігі жыхарам гэтага мястэчка атрымоўваецца як мінімум нячаста. Не сказаць, што чакаецца ўжо вельмі яркі футбол (усё ж такі надвор'е і штучнае поле зробяць сваю справу), але ў тым, што дружыны з захаду і ўсходу Палесся пабадаюцца, сумнявацца не варта. Магчыма, каманды выдадуць і адкрыты атакуючы футбол: бо, у прынцыпе, стаўкі ў гэтым супрацьстаянні, скажам так, невысокія. А таму галоўную ўвагу можна звярнуць не на непасрэдны вынік, а на якасць і відовішчнасць гульні.

 

Так што, хлопчыкі і дзяўчынкі, калі ваша жаданне падтрымаць любімы клуб мацней боязі змерзнуць і ляноты ехаць у Хойнікі, то чакаем вас усіх у 13.00 на Гарадскім стадыёне радзімы Віктара Ганчарэнкі. А вось нашы дублёры згуляюць у родных сценах: матч адбудзецца 1 снежня ў 13.00 на стадыёне «Спартак». Хлопцам таксама трэба ваша падтрымка, бо яны ж будуць змагацца за першае месца ў групе!