"Славія" - "Мінск-2", preview.

Катэгорыя: 

Пасля найважнейшай выязной перамогі над светлагорскім «Хімікам» мазырскай «Славіі» наканавана сустрэцца з камандай з другой паловы табліцы - «Мінскам-2». Улічваючы папярэднюю хатнюю гульню з не самай моцнай «Бярозай-2010», мазырскія заўзятары маюць прычыны хвалявацца. Хоць і набралі мазырчукі ачкоў ці ледзь не ў два разы больш за сваіх суботніх праціўнікаў.

 

Некаторыя аматары футбола не прамінуць усзгадаць, вядома ж, перадсезонную сустрэчу дадзеных каманд, калі з падапечнымі Юрыя Пунтуса здарыўся зусім нечаканы адлуп: у гасцях мазырчукі саступілі з лікам 0:5. Але ўсё ж зусім не варта раўняць гульню ў рамках падрыхтоўкі да сезону з самім чэмпіянатам. Усё ж такі на дадзены момант турнірная табліца выразна паказвае, хто дзе. Хоць цалкам верагодна, што хлопцы з берагоў Прыпяці затаілі на сваіх супернікаў некаторую порцыю спартыўнай злосці, якую яны не прамінуць выпусціць перад сваімі заўзятарамі.

 

Пра гэта, дарэчы, гаворыць і статыстыка. Мазырчукі толькі ў адной хатняй сустрэчы забілі менш за два мячы, пры гэтым не прайграўшы перад сваімі гледачамі ні разу. А «Мінск-2» - дык наогул развясёлая каманда. Сталічныя хлопцы за 13 тураў забілі 20 мячоў (столькі ж, колькі і «Граніт», які ідзе на першым месцы), а прапусцілі трыма больш. Такім чынам, сустрэча на «Юнацтве» павінна атрымацца даволі актыўнай.

 

Што тычыцца канкурэнтаў «Славіі» за выхад у вышэйшы дывізіён, то ў гэтым жа туры «Віцебск» дома сустрэнецца з Гомельчыгунтрансам, «Ліда» прыме «Хімік», «Гарадзея» паспрабуе працягнуць ўдалую серыю ў матчы супраць «Іслачы», «Граніт» паедзе у госці да «Смаргоні», а «Рэчыца-2014» згуляе са «Смалявічамі-СТІ». Самая цікавая сустрэча, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў горадзе Гедыміна, аднак і іншыя супрацьстаянні ў любым выпадку важныя.

 

Як бы ні завяршыліся сустрэчы з удзелам праціўнікаў «Славіі», мозырянам ўсё роўна патрэбна толькі перамога! Так што давайце-ка ўсе прыйдзем і падтрымаем сваю мясцовую каманду ў 18.00 у суботу на стадыёне Юнацтва!