2 тур Гомельчыгунтранс 3:1 "Славiя" Мазыр

2 тур
3:1
Гомельчыгунтранс
"Славiя" Мазыр
Дата правядзення матча: 
26/04/2014
Час: 
17.00
Месца правядзення матча: 
у гасцях
Стадыён: 
стадион СДЮШОР-8
Колькасць гледачоў: 
300

Славія:

Гаёў, Хаміцэвіч (Шчагрыковіч, 51), Аль-Маджыд (Харытончык,60), Грачышка, Ахраменка, Раеўскі, Страхановіч, Слечарчук (Паўлавец, 60), Катляроў (Герман, 35), Кобец (Шыкаўка, 78), Лапцеў.

 

Гомельчыгунтранс:

Сілівончык, Гараўцоў, Кузьміч, Любаеў (Бойка, 71), Зазімка, Жэсткін, Лаўранчук, Загвоздзін (Дзімітраў, 67), Чуб (Савіцкі, 67), Заценка (Пырх, 55), Федарэнка (Хмялёў, 90 +2).

 

Галы:

Лаўранчук - 5, 66, 76; Раеўскі - 83.

 

Папярэджанні: 

Лапцеў, 7; Загвоздзін, 43; Лаўранчук, 58; Любаеў, 65.

 

Пасля матчу Гомеля і менскага «Дынама» ад стадыёна Цэнтральны назіраецца адток аматараў футбола. Аднак не ўсе з іх накіроўваюцца дадому - тыя, хто асабліва цікавяцца гульнёй нумар адзін, перавандроўваюць на невялікі стадыёнчык СДЮШАР-8, які размешчаны хвілінах у дзесяці хады ад галоўнага спартыўнага аб’екта паўднёва-ўсходняга абласнога цэнтра. Сярод гэтай адкрыта невялікай колькасці народа знаходжуся і я. Крочу праз гомельскія закуткі прыватнага сектара, які невядома якім чынам захаваўся ў цэнтры горада, цалкам пагрузіўшыся ў развагі аб працягу футбольнага дня.

 

Бо праз гадзіну з невялікім пасля заканчэння вышэйшалігавага супрацьстаяння ў Гомелі адбываецца яшчэ адно футбольнае дзейства - мясцовыя чыгуначнікі прымаюць мазырскую «Славію». Сонца, не зважаючы ня пластмасавы казырок, бязлітасна залівае святлом пластмасавыя сядзенні трыбун, а таксама не менш пластмасавы газон. Па красавіцкіх мерках - спякота нерэальная. Народ бярэ прыклад з футбалістаў на полі і застаецца ў адных футболках. Ну ці кашулях - у залежнасці ад стылю выходнага дня. Гледачоў, дарэчы, збіраецца каля трохсот чалавек.

 

І гэтыя трыста спартанцаў ў выніку не шкадуюць, што вырашылі забіць суботні час з дапамогай прагляду матчу Гомельчыгунтранса. Толькі паспявае прагучаць стартавы свісток, як Уладзімір Гаеў ўжо дастае мяч з сеткі (як высветліцца пазней, не ў апошні раз) - на пятай хвіліне Андрэй Лаўранчук пасля шыкоўнай пранікальнай перадачы вельмі лёгка ўцякае ад мазырскіх абаронцаў і абыгрывае галкіпера гасцей. Такога ашаламляльнага пачатку ў выкананні гаспадароў поля не чакаў ніхто, напэўна, нават яны самі.

 

І добра б пасля гэтага леташнія ўдзельнікі другой лігі супакоіліся і занялі абарончыя парадкі. Але гэтага не адбываецца і блізка - гамяльчане ўпэўнена кантралююць мяч і нават маюць яшчэ некалькі забойных момантаў, аднак не могуць імі скарыстацца па поўнай. Так, у Гаева атрымоўваецца нейтралізаваць нават выхад сам насам. У канцоўцы першага тайма госці нарэшце добра дадаюць, але ўсё ж і ў іх не атрымліваецца дамагчыся канкрэтнага выніку ля брамы праціўніка.

 

А вось чыгуначнікі працягваюць актыўнічаць нават пасля перапынку. Відаць, што жаданне ў падапечных Крэчына проста велізарнае. Ды і трыбуны ажыўлена рэагуюць на любыя паспяховыя дзеянні Гомельчыгунтранса на полі. Хоць глядацкая актыўнасць прыкметна губляе пасля таго, як у перапынку з трыбун выдаляюць асабліва актыўнага заўзятара гамяльчан, скандаваўшага пацешныя (прашу заўважыць, цалкам цэнзурныя) прыпеўкі на ўвесь стадыён: амапаўцам не падабаецца такая форма падтрымкі каманды. Верагодна, на свой вялікі жаль, вясёламу дзядзьку ня даводзіцца бачыць, як за дзесяць хвілін другога тайма лік ператвараецца ў разгромны: на працягу такога адрэзку часу Лаўранчук кладзе яшчэ «двушку» і бяжыць святкаваць хет-трык на 76 хвіліне.

 

За васемнаццаць хвілін да гэтага адбываецца, напэўна, адзін з ключавых момантаў сустрэчы - пасля жорсткага фолу з боку феерычнага Лаўранчука з поля пад рукі выводзяць Арама Аль-Маджыда. Арцём Шут гаіць невялікую траўму і глядзіць матч з трыбун - цэнтральных абаронцаў у абойме мазырчукоў больш няма. На замену выходзіць Дзмітрый Харытончык, а Сяргей Шчагрыковіч перамяшчаецца ў цэнтр у пару да Паўла Грачышкі. Такое становішча, мабыць, аказвае ўздзеянне на ўсю структуру гульні «Славіі». Страта такога важнага звяна, як Арам, не можа не адбіцца на сітуацыі на полі.

 

Ўсё ж на 83 хвіліне мазырчукі ўрэшце адыгрываюць адзін мяч намаганнямі Аляксандра Раеўскага, які з кропкі не пакінуў шанцаў Андрэю Сілівончыку. Але чагосьці большага дамагчыся не атрымліваецца, хоць, па-мойму, арбітр мае ўсе падставы зноў паказаць на адзінаццаціметровую адзнаку пасля фолу на Дзмітрыі Германе. Першая параза ў сезоне аказваецца для «Славіі» як нечаканай, так і даволі балючай. Праклён Гомельчыгунтранса, пра які казаў галоўнакамандуючы мазырчукоў Юрый Пунтус, застаецца ў сіле, а дружыне з берагоў Прыпяці неабходна будзе тэрмінова вырашаць наваяўленыя праблемы ў абароне. Будзем верыць, што яны апынуцца пераадольнымі і кароткачасовымі.

 

 

Каментар Юрыя Пунтуса:

- Перад гульнёй я вельмі сур’ёзна настройваў хлопцаў. Маючы вопыт гульні супраць дадзенай каманды, я спрабаваў данесці да іх, што гамяльчане могуць выдатна настройвацца на гульні. Тое, што адбылося ўчора, стала вынікам таго, што я не дагрукаўся да канца да нашых гульцаў. Яны не змаглі сябе пераканаць, што матч будзе вельмі цяжкім.

 

- Ці адбіўся на гульні фактар ​​сінтэтычнага поля?

- Сінтэтыка, вядома, аказала свой ​​уплыў на ход гульні. Тым больш, што супернік стала гуляе і трэніруецца на штучным пакрыцці. Мы спрабуем паказваць хуткі, атакуючы і камбінацыйны футбол, а на сінтэтыцы не атрымліваецца так проста гуляць хутка.

 

- Як адчувае сябе Арам Аль-Маджыд?

- Траўма сур’ёзная. Пакуль незразумела, ці ёсць пералом нагі, аднак ён сам пакуль не можа хадзіць. Сёння будзе зроблены здымак, пасля чаго зробіцца вядома, з чым менавіта мы маем справу. Калі пералому і няма, то гэта альбо сур’ёзны ўдар, альбо расцяжэнне. У лепшым выпадку ён выйдзе на поле не раней, чым праз месяц, і прапусціць тры бліжэйшыя гульні - супраць Рэчыцы, Гарадзеі і Віцебска.

 

- Гульня Шчагрыковіча ў цэнтры абароны таксама паўплывала на ход супрацьстаяння?

- Вядома. Сяргей гуляў на пазіцыі цэнтральнага абаронцы, напэўна, першы раз у жыцці. Хоць, улічваючы, што мы прайгравалі і мелі неабходнасць атакаваць, яго амплуа хутчэй зводзілася да другога апорніка, а ўжо Павел Грачышка страхаваў іх у цэнтры абароны.

Галы: 
:
Папярэджання: 
Выдалення: