Дата правядзення
19 красавіка, 16.00, «Юнацтва»
Галы:
1:0 - 42 Лапцеў, 1:1 - 68 Януш.
Славія: Гаеў, Тарасенка, Слабашэвіч, Грачышка, Шчагрыковіч, Страхановіч (Варанкоў, 55), Ціханоўскі, Шкурко, Чыгоеў (Кобец, 60), Катляроў (Герман, 80), Лапцеў.
Шахцёр: Бушма, Юрэвіч, Рыбак, Кузьмянок, Кобін, Старгародскі, Мартынюк (Янушкевіч, 32), Кавалёў (Шыбун, 70), Камароўскі, Човіч (Вяргейчык, 83), Януш.
Папярэджанні:
Януш (38), Чыгоеў (59), Кавалёў (61), Шчагрыковіч (62), Рыбак (90).
Выдаленне:
Кузьмянок (31).
Што варта ведаць пра матч «Славіі» супраць «Шахцёра»
1. Першае ачко мазырскай каманды
У прынцыпе, мала хто перад матчам разглядаў магчымым які-небудзь яго вынік акрамя упэўненай перамогі салігорцаў. Аднак на справе ўсё аказалася інакш. Пачалі абедзве каманды павольна, палову першага тайма прыглядаліся адна да адной. А на 30 хвіліне сустрэчы здарыўся эпізод, які ў корані змяніў яе ход. Валерый Тарасенка далёкім пасам праз усё поле знайшоў Дзяніса Лапцева, які ўжо ўцякаў на ад абаронцаў на рандэву з Уладзімірам Бушмай, аднак быў з фолам спынены Ігарам Кузьмянком. Як вынік - чырвоная картка цэнтрдэфу гасцей. Мазырчукі пайшлі ў атаку і крыху больш, чым праз дзесяць хвілін вышэйзгаданы Лапцеў адкрыў лік галам палешукоў ў новым сезоне пасля перадачы Катлярова.
Здавалася б, «Славіі» застанецца толькі даціснуць суперніка, які застаўся ў меншасці, але не тут-та было. «Шахцёр» у другім тайме толькі дадаў абароты, што вылілася ў гол Мікалая Януша пасля выдатнага закіду за каўнер мазырскім абаронцам у выкананні Арцёма Старгародскага. А вось на большае ўжо не хапіла ні тых, ні іншых. У выніку каманды разышліся міравой, якая ўстроіла ў большай ступені, зразумелая справа, мазырчукоў. «Мы страцілі два ачкі» - так рэзюмуе дадзеную сустрэчу пасля матчу Сяргей Бароўскі.
2. Агрэсіўная гульня «Шахцёра»
Хоць за гульню салігорцам сорамна ўжо сапраўды не было. Калі ў першай палове стартавага тайма яны разам з гаспадарамі каталі вату ў цэнтры поля, то вось выдаленне Кузьменка падзейнічала на іх нейкім магічным чынам. Каманда заварушылася, пачала больш актыўна прэсінгаваць, перадачы сталі хутчэй і вастрэй. Вядома, да 45 хвіліны мазырчукі, акрыленыя усведамленнем колькаснай перавагі, здолелі забіць важны мяч і мелі некалькі магчымасцяў падвоіць перавагу, аднак пасля перапынку іх упэўненасць як ветрам здзьмула. Мабыць, у распранальні Сяргей Бароўскі знайшоў патрэбныя словы для сваіх хлопцаў: з выхадам на другі тайм яны пачалі арганізоўваць масіраваны наступ на гаспадарскія вароты.
Варта ў той жа час надаць належную ўвагу і таму, што ў салігорцаў атрымалася цалкам нівеліраваць колькасную перавагу гаспадароў. У другім тайме зусім не было прыкметна, што мазырчукі мелі ў складзе на аднаго гульца больш. Падапечным Юрыя Пунтуса не ўдавалася запоўніць зону, якая ўтварылася ў выніку выдалення Кузьменка. Для аднаўлення колькасці абаронцаў на поле замест Мартынюка выйшаў Янушкевіч, і Арцём Старгародскі застаўся адзіным апорнікам на полі. Капітан жоўта-чорных бліскуча справіўся з ускладзенай на яго нагрузкай - у «Славіі» у другім тайме было ўсяго некалькі небяспечных момантаў. А вось салігорскія прарывы праз цэнтр неслі даволі сур'ёзную небяспеку браме Уладзіміра Гаева. Пасля аднаго з такіх, дарэчы, і быў забіты гасцявы гол.
Таксама ў другім тайме «Шахцёр» перабудаваўся на гульню ў тры абаронцы і ўключыў даволі высокі прэсінг, каб папросту пазбавіць палешукоў магчымасці выхаду да сваіх варот. Нават поўнае абнаўленне Юрыем Пунтусам атакуючай лініі паўабароны да зменаў не прывяло. А Андрэй Варанкоў, які выйшаў замест Алега Страхановіча, увогуле запомніўся толькі тым, што з краю штрафной не здолеў вынікова завяршыць перадачу ад партнёраў у канцоўцы сустрэчы - пасля яго ўдару мяч прайшоў у сантыметрах ад далёкай стойкі. Увогуле, другі тайм прайшоў цалкам пад дыктоўку гасцей. Як вынік - нічыя 1: 1 і канстатацыя галоўным трэнерам мазырчукоў перавагі гасцявой каманды.
3. Спрэчнае судзейства
Дзіўна, аднак пасля матчу ніхто з трэнераў тэму судзейства не закрануў. Хоць падчас гульні здавалася, што пытанняў будзе маса. Чырвоная картка Кузьменка на 32 хвіліне - гэта толькі адзін з эпізодаў. Так, яшчэ да гала Дзяніса Лапцева адбыўся даволі спрэчны момант: пасля хуткай контратакі гасцей Юрый Кавалёў прабіваў па варотах з краю мазырскай штрафной, пасля чаго мяч пракурсіраваў паміж мазырскімі абаронцамі Грачышкам і Тарасенкам, а затым ад апошняга вылецеў на вуглавы. Атакуючы бок ўгледзеў у эпізодзе гандбол ў выкананні вопытнага дэфа «Славіі» і тут жа прыняўся даказваць сваю пазіцыю арбітру. За такое ірвненне Мікалай Януш быў узнагароджаны гарчычнікам, а падаваць прыйшлося ўсё роўна вуглавы. Момант на самай справе спрэчны - складана ўгледзець, у якую менавіта частку цела Валерыя Тарасенка трапіў мяч у дадзеным эпізодзе. Было яшчэ і падзенне Лапцева на подступах да салігорскай штрафной у першым тайме, а таксама кідок Дзяніса праз сцягно ў выкананні салігорцаў падчас пераходу гаспадароў у контратаку. Карацей кажучы, на трыбунах вяліся гарачыя спрэчкі па трактоўцы арбітрам некаторых складнікаў матчу. Аднак трэнеры дадзеную тэму не закраналі зусім. У прынцыпе, гэта і галоўнае. Каманды сышліся на нічыёй, якая дае падставу для пазітыву мазырскім аматарам футбола.