"Славія" - "Хімік", preview

Катэгорыя: 

Суботнім днём 8 кастрычніка мазырскай «Славіі» трэба будзе памерыцца сіламі са светлагорскім «Хімікам» у рамках чарговага дэрбі Гомельскай вобласці. У гэтым годзе ўсе каманды з Паўднёва-ўсходняга рэгіёну нашай Радзімы паказвалі даволі якасную гульню, а часам і адкрыта здзіўлялі. «Рэчыца-2014» і «Хімік» выдалі проста выдатны першы круг чэмпіянату, Гомельчыгунтранс на ўсёй дыстанцыі спаборніцтва прыстойна трапаў нервы супернікам (хоць ад новай каманды першай лігі чакалі барацьбы за выжыванне), ну а пра «Славію» і казаць няма чаго - каманда ўжо аформіла выхад у вышэйшую лігу і змагаецца за першае месца ў табліцы з мікашэвіцкім «Гранітам».
 
Таму паглядзець на «Юнацтве» ў суботу дакладна будзе на што - у гэтым сезоне абласныя дэрбі з удзелам мазырчукоў пакуль адрозніваюцца вялікім запалам і напружанай гульнёй да самага фінальнага свістка. Цікава, што абедзве каманды даволі часта прапускаюць: 30 мячоў у пасіве ў «Славіі» і 33 - у «Хіміка». І калі падначаленыя Юрыя Пунтуса з лішкам кампенсуюць гэты недахоп забітымі галамі (52 разы ў 27 сустрэчах праціўнікі мазырчукоў даставалі мяч з сеткі), то ў светлагорскіх хлопцаў тут справы амаль у два разы горш - забіта усяго 27. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць выснову, што стаўка на забітыя мячы ў выкананні абедзвюх каманд мае вялікую верагоднасць прайсці.
 
Чакаць варта не толькі выніковай, але і прыгожай гульні. Бо ў першым крузе матч праходзіў на светлагорскім стадыёне з полем, мякка кажучы, не самай лепшай якасці, што адзначыў у сваім пасляматчавым інтэрв’ю галоўны трэнер каманды з бегароў Прыпяці Юрый Пунтус. І калі тады сустрэча адзначылася шматлікімі небяспечнымі момантамі і мела напружаны характар, то на гэты раз павінна атрымацца яшчэ весялей - усё-ткі мазырскі газон ў гэтым сезоне радуе, як ніколі. Тым больш, што абедзве дружыны досыць матываваныя: «Славія» імкнецца да лідэрства ў табліцы, а госці «Юнацтва» не адмовяцца расплаціцца за хатнюю паразу ў першым туры.
 
Такім чынам, у суботу нас чакае даволі займальнае дзейства. Надвор'е наладзілася, дачныя справы скончаныя, дык чаму б не прыйсці ў 14.00 на стадыён «Юнацтва» і не падтрымаць нашых хлопцаў? Чакаем усіх!