"Мінск-2" - "Славія", preview

Катэгорыя: 

Туманным (у Мінску цяпер нешта ўжо часта адбываецца гэтая прыродная з'ява) лістападаўскім днём 15 чысла ў 14.00 на штучным полі ФК «Мінск» сталічныя хлопцы з другой каманды клуба прымуць мазырскую «Славію», якая ўжо аформіла выхад у вышэйшую лігу, але яшчэ вядзе жорсткую барацьбу з мікашэвіцкім «Гранітам» за пазіцыю лідэра першай лігі.
 
У матчы першага круга, які праходзіў у сталіцы Палесся, адбываліся проста неверагодныя падзеі. Да 88 хвіліны гаспадары поля гулялі проста вельмі дрэнна, у выніку чаго прапусцілі два мячы і ўжо, здавалася б, не мелі ніякіх шанцаў на выратаванне. Аднак футбольны бог, відаць, вырашыў падарыць тым нямногім гледачам, хто быў на стадыёне, найвялікшы камбэк ў іх жыцці. Дакладны ўдар Слесарчука і дубль Лапцева на працягу пяці хвілін прынеслі перамогу мазырчукам і вярнулі каманду на першы радок турнірнай табліцы.
 
Такім чынам, у суботнім паядынку таксама можна чакаць вясёлых рэчаў. Па-першае, які бэкграўнд! Па-другое, сінтэтычнае поле - гэта амаль заўсёды нейкія сюрпрызы. І па-трэцяе, як ужо згадвалася, «Славія» будзе абавязкова гуляць на перамогу. У хатнім матчы супраць «Хіміка» мазырскія хлопцы паказалі відавочна не той футбол, якога ўсе чакалі, што вылілася ў заканамерную першую хатнюю паразу сезону. На пасляматчавай прэс-канферэнцыі Юрый Пунтус не стрымліваўся ў выразах - дасталося ўсім. Думаецца, што ў выяздной гульні ў сталіцы хлопцы захочуць выправіцца.
 
Улічваючы тое, што ў паралельным матчы канкурэнт «Славіі» за першае месца – “Граніт”, дома прымае «Слонім», які шчыльна акапаўся ў пограбе лігі, мазырчукам абавязкова трэба перамагаць, каб застацца ў чэмпіёнскай гонцы - да канца-та ўсяго два туры ! Увогуле, хлопцы, матч абяцае быць як мінімум напружаным. Паглядзім, што выйдзе. Падтрымаем нашых хлопцаў!